Камэнтары міністра фінансаў Ізраілю Бэцалеля Смотрыча — найбольш радыкальныя з усіх, што былі зробленыя высокапастаўленым ізраільскім чыноўнікам адносна захопу лібанскай тэрыторыі. Новы ўздым ваеннай напружанасьці, паводле словаў Ізраілю, накіраваны супраць падтрыманых Іранам баевікоў «Хэзбалы», піша Reuters.
Лібан уцягнуты ў новую рэгіянальную вайну з 2 сакавіка, калі «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі. З таго часу Ізраіль загадаў усім жыхарам пакінуць раён на поўдзень ад ракі Літані, бо ён наносіць авіяўдары па гэтым раёне, разглядаючы яго як цытадэль «Хэзбалы».
Лібанскія ўлады заяўляюць, што ў выніку ізраільскага паветранага і наземнага нападу загінула больш за 1000 чалавек, і больш за мільён былі выгнаныя са сваіх дамоў.
Смотрыч заявіў у інтэрвію ізраільскай радыёпраграме, што ваенная кампанія ў Лібане «павінна скончыцца цалкам іншай рэчаіснасьцю», як з рашэньнем наконт «Хэзбалы», так і са зьмяненьнем межаў Ізраілю.
«Я тут катэгарычна кажу… у кожным пакоі і ў кожнай дыскусіі таксама: новая ізраільская мяжа павінна быць на Літаніі», — сказаў міністар.
Смотрыч — правадыр невялікай ультраправай партыі ў кабінэце прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу, часта робіць камэнтары, якія выходзяць за межы афіцыйнай палітыкі Ізраілю. Кабінэт Нэтаньягу не адразу адказаў на просьбу пракамэнтаваць гэтыя заўвагі.
Міністар абароны Ізраіль Кац намякнуў раней у сакавіку на пляны захопу зямлі, заявіўшы, што Лібан можа сутыкнуцца са «стратай тэрыторыі», калі не раззброіць «Хэзбалу».
Заўвагі Смотрыча ўжо выклікалі глыбокі розгалас у Лібане, які спрабуе выйсьці з шматгадовага цыклю ўварваньняў і акупацый з боку свайго суседа. Ізраільскія войскі неаднаразова нападалі на Лібан з 1978 году і акупоўвалі поўдзень з 1982 па 2000 гады.
Лібанскі чыноўнік паведаміў Reuters, што Бэйрут усё яшчэ разьлічвае на замежныя дзяржавы, якія акажуць дастатковы ціск на Ізраіль, каб пакласьці канец вайне, праз прапанову прэзыдэнта Джозэфа Ауна аб правядзеньні перамоваў наўпрост.
Смотрыч таксама заклікаў Ізраіль анэксаваць тэрыторыю, якую ён цяпер кантралюе ў сэктары Газа, да лініі перамір’я з ХАМАС. Пагадненьне аб спыненьні агню, падпісанае ў кастрычніку, пакінула Ізраіль з кантролем 53% Газы, дзе ён загадаў жыхарам пакінуць тэрыторыю і зьнёс будынкі бульдозэрамі.
Ізраільскія вайскоўцы заяўляюць, што іх войскі ў Лібане праводзяць наземныя манэўры і мэтанакіраваныя рэйды па баевіках «Хэзбалы» і складах зброі. Паводле Ізраілю, усё гэта апэрацыі, патрэбныя дзеля абароны жыхароў на поўначы Ізраілю ад агню «Хэзбалы».
Лібанскі ўрад паставіў ваенную дзейнасьць «Хэзбалы» па-за законам і заявіў, што хоча весьці простыя перамовы з Ізраілем.
У мінулыя выхадныя Ізраіль ударыў па галоўным мосце, які злучае паўднёвы Ліван з астатняй часткай краіны, загадаўшы сваім вайскоўцам знішчыць усе пераходы праз раку Літані і ўзмацніць знос дамоў паблізу паўднёвай мяжы.
ААН скрытыкаваў дзеяньні Ізраілю
Міжнароднае права звычайна забараняе вайскоўцам атакаваць цывільную інфраструктуру, і кіраўнік ААН у правах чалавека скрытыкаваў дзеяньні Ізраілю ў Лібане, асабліва выкарыстаньне распараджэньняў аб шырокамаштабнай эвакуацыі насельніцтва іншай дзяржавы.
23 сакавіка ізраільскія ўдары пашкодзілі яшчэ два пераходы на рацэ Літані — дарогу, якая праходзіць каля галоўнага моста, і яшчэ адзін невялікі мост на іншым участку ракі.
Мэр хрысьціянскага памежнага гораду Рмэйш, жыхары якога адмовіліся пакідаць свае дамы, паведаміў журналістам, што перасоўвацца становіцца ўсё цяжэй. Жыхароў суправаджаюць байцы лібанскага войска, калі яны спрабуюць атрымаць асноўныя тавары у блізкіх раёнах. Насельнікі Рмэйшу ўжо адсечаныя ад дзяржаўнай электрычнасьці, там няма вады і востры недахоп дызэльнага паліва.
Форум