Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку беларусы разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. Акцыі да Дня Волі прайшлі і ў іншых гарадах сьвету

Cьвяткаваньне Дня Волі ў Беластоку. 22 сакавіка 2026. Фота Беларускае Радыё Рацыя
Cьвяткаваньне Дня Волі ў Беластоку. 22 сакавіка 2026. Фота Беларускае Радыё Рацыя

За межамі Беларусі пачалі сьвяткаваць Дзень Волі. Адна зь першых акцыяў прайшла ў Беластоку.

У Беластоку беларусы разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг

У цэнтры Беластоку 22 сакавіка адбыўся мітынг, прысьвечаны Дню Волі. Агулам у акцыі прынялі ўдзел каля 200 чалавек, піша Радыё Рацыя. Такія ж акцыі прайшлі і яшчэ пройдуць у 40 краінах і 100 гарадах сьвету, акрамя Беларусі, дзе такое сьвяткаваньне цяпер немагчымае.

З словамі падтрымкі да ўдзельнікаў зьвярнуліся мясцовыя ўлады: падляскі ваявода Яцэк Бжазоўскі і віцэ-прэзыдэнт горадуБеластоку Рафал Рудніцкі. Перад удзельнікамі выступіў паэт, бард і перакладнік Андрэй Хадановіч.

Ад імя беларускай супольнасьці Падляшша ўдзельнікаў мітынгу вітаў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя і сябра Рады БНР Яўген Вапа:

«Сьвята маёй маладосьці. Гэта пакаленьне беларусаў, якія заўсёды хацелі незалежнай Беларусі. 25 сакавіка 1986 году, роўна сорак гадоў таму, у Беластоку мы падпольна арганізавалі сьвяткаваньне 25 Сакавіка. І праз гэтыя 40 гадоў гэтыя сьвяткаваньні адбываюцца, ні разу не было, каб у Беластоку не адбыліся сьвяткаваньні».

Сьвяткаваньні ў іншых гарадах Эўропы і Амэрыкі

Паводле каардынатара аргкамітэту Дня Волі Паўла Севярынца, у мінулую нядзелю нацыянальнае сьвята таксама адзначылі беларусы ў Канадзе і шэрагу сталіц краін Эўропы.

Паводле яго, удалая імпрэза адбылася ў Таронта, у Канадзе. 75 чалавек сабраліся, зачыталі звароты, архіяпіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы прачытаў малітву за Беларусь, у сьвяце ўзялі ўдзел прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў і дыяспараў.

Таксама ў Брусэлі беларусы ўжо адзначылі Дзень Волі — разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг у самым цэнтры Эўропы.

У Стакгольме прайшоў канцэрт Лявона Вольскага.

«Агулам шмат ужо прайшло імпрэзаў, мой тэлефон проста забіты паведамленьнямі. Адзначу, што багата дзе, там, дзе жывуць няшмат беларусаў, такія імпрэзы прайшлі не ў публічным фармаце, бо ня ўсе хочуць даваць свае дадзеныя, але таксама адзначаюць Дзень Волі. Недзе сабраліся ў пабе, дзесьці паўдзельнічалі ў гістарычнай віктарыне па гісторыі Беларусі. То бок сьвяткаваньні пачаліся, людзей зьбіраецца шмат, настрой бадзёры і натхняльны. Шмат дзе побач зь бел-чырвона-белым лунае ўкраінскі сьцяг, як мы і заклікалі», — расказаў Свабодзе старшыня аргкамітэту правядзеньня Дня Волі палітык, былы палітвязень Павал Севярынец.

Севярынец яшчэ згадаў, што і ў Маямі (штат Флёрыда, ЗША) таксама ўжо адзначылі Дзень Волі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG