Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Рыжанкоў прыехаў на польскую мяжу і заявіў: «Эўрапейскі вэктар — наш агульны»

Максім Рыжанкоў у пункту пропуску «Берасьце» на мяжы з Польшчай
Максім Рыжанкоў у пункту пропуску «Берасьце» на мяжы з Польшчай

Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у дзень прыезду ў Беларусь амэрыканскага спэцпрадстаўніка адправіўся да польскай мяжы.

Ён наведаў пункты пропуску «Берасьце» і «Казловічы» перадае БелТА.

Там ён заявіў, што Беларусь гатовая да больш прадметнага дыялёгу з заходнімі суседзямі. І адным з аргумэнтаў для такога дыялёгу назваў небясьпеку збліжэньня з «эўразійскім вэктарам».

«Пакуль зь іхнага боку бачым толькі гатоўнасьць разьвіваць тэхнічны дыялёг на ўзроўні ўпаўнаважаных па мяжы, вырашэньні прыватных нейкіх пытаньняў. Але вы ж разумееце: каб вырашыць такога кшталту маштабныя рэчы, вярнуцца да нармальнага (дапандэмійнага) функцыянаваньня пунктаў пропуску і аднавіць працу іншых пунктаў, якія зачыненыя, патрэбныя больш сур’ёзныя кансультацыі на больш сур’ёзным узроўні. Мы да гэтага гатовыя і заклікаем польскі бок. Мяч на іхным баку», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што час не на баку Захаду. «Бо кожны дзень такой сытуацыі больш збліжае Беларусь з эўразійскім вэктарам». Раней значная колькасьць беларусаў езьдзілі у Заходнюю Эўропу, цяпер жа сытуацыя памянялася, прывёў аргумэнт Рыжанкоў.

Ён згадаў, што найкарацейшы шлях з усходу на захад ідзе церазь Беларусь.

«Уласна кажучы, эўрапейскі вэктар — наш агульны. А сёньня што атрымліваецца? Берасьцейцу лягчэй сесьці на чартэрны самалёт і паляцець адпачываць на ўсход, чым стаяць на мяжы», — сказаў кіраўнік МЗС.

На ягоны погляд, паводзіны заходніх краінаў — гэта фактычна самаізаляцыя.

«Зачыняючыся, яны зачыняюцца ад усяго, што далей за намі — да Кітаю, Віетнаму, Індыі, Сярэдняй Азіі. Яны ўводзяць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, але мы тут на вялікай прасторы бязь іх пражывём. А вось для іх, улічваючы геапалітычную сытуацыю, забясьпечваць сваю бясьпеку і транспартны складнік будзе вельмі цяжка», — падсумаваў Рыжанкоў.

Раней, 17 сакавіка, з падобнай заявай выступіў і намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта. Ён даў зразумець, што ў МЗС Беларусі хацелі б, каб сытуацыя паставіла на парадак дня выкарыстаньне «транзытных магутнасьцяў Літвы»

Ён заклікаў улады Літвы падтрымліваць «нармальныя працоўныя кантакты», «незалежна ад таго, якая сытуацыя ў нас». Назваў кантрабанду паветранымі балёнамі «звычайнай транснацыянальнай злачыннасьцю», у якой удзельнічаюць палякі і літоўцы, запярэчыўшы вызначэньню яе як гібрыднай атакі. І сказаў, што тэхнічных кансультацый памежнікаў недастаткова.

«Тут патрабуецца больш сур’ёзны ўзровень, і мы будзем абмяркоўваць пэрспэктывы працы на мяжы, магчымасьці выкарыстаньня ў тым ліку транзытных магутнасьцяў Літвы. Гэта вялікі комплекс пытаньняў, які выходзіць за межы паўнамоцтваў памежных упаўнаважаных», — заявіў Сякрэта.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG