Карты беларускага «Альфа Банку», які трапіў пад заходнія санкцыі, перасталі працаваць у 31 эўрапейскай краіне

«Альфа Банк». Архіўнае фота ©Shutterstock
«Альфа Банк». Архіўнае фота ©Shutterstock

Беларускі «Альфа Банк» паведаміў, што ягоныя карткі Visa перасталі працаваць у ЭЗ, а таксама ў Вялікай Брытаніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштайне, Нарвэгіі.

Беларуская «дачка» расейскага «Альфа Банку» паведамляе, што ў 31 краіне перасталі працаваць яе карткі Visa.

Банк папярэджвае, што атрымаў «ліст» і што з 18 сакавіка ягоныя карткі Visa перасталі працаваць у краінах ЭЗ, а таксама ў Вялікай Брытаніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштайне, Нарвэгіі.

Гэта значыць, што ў названых краінах з картай Visa беларускага «Альфа Банку» ня ўдасца зьняць гатоўку ў банкаматах; ня пройдуць трансакцыі ў крамах, онлайн-крамах і онлайн-сэрвісах; у якіх-хаця сэрвісах пераводаў ня будзе як перавесьці грошы з карткі на картку.

Каб унікнуць непрыемнасьцяў за мяжой, банк раіць выкарыстоўваць картку Mastercard або перавесьці грошы на картку іншага банку.

«Альфа Банк» удакладняе прычыны блякаваньня ягоных картак: «У лісьце сказана, што гэта зьвязана з санкцыямі».

Мацярынскі расейскі «Альфа Банк» даўно знаходзіцца пад эўрапейскімі і амэрыканскімі санкцыямі.

Летась кампанія Apple паведаміла беларускаму «Альфа Банку», што праграма INSNC (у тым ліку старая мабільная вэрсія InSync) і «Альфа Бізнес Мабайл 2.0» часова выдаленыя з App Store. Прычына — пакет санкцыяў, які ўступіў у сілу 2 сьнежня 2025 году.

Банк тады параіў сваім кліентам не выдаляць з сваіх смартфонаў названыя праграмы, бо загрузіць іх нанова яны ўжо ня змогуць.

З канца лістапада Apple перастала прымаць платы праз Apple Pay з рахункаў у «Альфа Банку» і прывязваць да гэтага сэрвісу новыя карткі. Банк у якасьці альтэрнатывы прапанаваў кліентам платныя стыкеры, якія клеяцца на тэлефон ці чахол.

2 сьнежня 2025 году набылі моц санкцыі Эўразьвязу супраць трох беларускіх банкаў: «Альфа», «Сбер» і ВТБ. Яшчэ раней пад санкцыі трапілі БелВЭБ і «Белгазпрамбанк».

​
XS
SM
MD
LG