Гэта дазволіць фармаваць клясы, асноўнай мовай навучаньня ў якіх будзе літоўская, паведаміла агенцтва BNS.
Зьмены плянуецца зрабіць у віленскіх гімназіі імя Францішка Скарыны, дзе навучаньне адбываецца па-беларуску, школе імя Льва Карсавіна з расейскай мовай навучаньня і гімназіі ў Грыгішках, дзе выкладаюць па-польску і па-расейску.
«Зьмяняюцца статуты некаторых школаў, дадаткова ўводзіцца літоўская мова, што адкрывае магчымасьць фармаваць клясы, асноўная мова навучаньня ў якіх літоўская», — сказаў віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас напярэдадні паседжаньня.
Паводле віцэ-мэра Міталаса, да такога рашэньня ўдалося прыйсьці без канфрантацыі і пры падтрымцы саміх школаў.
«Прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў і надалей змогуць вывучаць сваю родную мову, але асноўнай мовай прадметаў, паколькі на гэтай мове здаюцца іспыты, будзе дзяржаўная літоўская мова», — падкрэсьліў Вітаўтас Міталас.
Віцэ-мэр адзначыў, што такія зьмены неабходныя, каб навучэнцы лепш падрыхтаваліся і здалі іспыты, паведаміла BNS.
У Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны пазытыўна ўспрынялі прыняцьце зьменаў у статут установы. Завуч гімназіі Юраце Нарвайшэне назвала такі крок вельмі слушным.
«Гэтак мусіць быць паводле закону. У школах нацыянальных меншасьцяў мусіць быць дзьве мовы навучаньня: дзяржаўная літоўская як асноўная і мова нацыянальнай меншасьці. Усё проста, цяпер гэта будзе пазначана і ў статуце ўстановы», — сказала Свабодзе спадарыня Нарвайшэне, якая часова замяняе дырэктара гімназіі.
Свабода пагаварыла зь Мікалаем, бацькам аднаго з навучэнцаў гімназіі імя Францішка Скарыны.
Ён мяркуе, што зьмены ў статут гімназіі ня будуць замінаць беларускаму навучаньню дзяцей, але забясьпечаць адпаведнасьць закону і паспрыяюць прыёму новых беларускіх дзяцей.
«Гэтае рашэньне чакалася, я б яго вітаў, бо яно будзе спрыяць інтэграцыі і даваць дадатковыя магчымасьці дзецям засвоіць літоўскую мову, якая ім вельмі спатрэбіцца. У той жа час, безумоўна, большасьць бацькоў лічыць вельмі важным захоўваць беларускамоўную сутнасьць гімназіі — таму беларусы сьвядома аддаюць дзяцей вучыцца менавіта сюды. І адміністрацыя гімназіі запэўніла бацькоў, што навучальны працэс будзе захоўвацца як пераважна беларускамоўны, а ўстанова застанецца беларускай у сутнасьці», — мяркуе Мікалай.
Паводле Мікалая, бацькі навучэнцаў гімназіі віталі афіцыйную пазыцыю гораду Вільні, калі сёлета 28 студзеня муніцыпальная рада прыняла пратакольную рэзалюцыю, у якой адзначыла ўнікальны характар гімназіі як адзінай за межамі Беларусі дзяржаўнай школы зь беларускай мовай навучаньня і дэкляравала намер і далей яе падтрымліваць.
«Як адзін з бацькоў я вельмі спадзяюся, што даданьне дзяржаўнай мовы ў статут гімназіі не прывядзе да выцісканьня беларускай і што горад стрымае сваё слова», — падзяліўся спадзевамі Мікалай.
Віленская гімназія імя Францішка Скарыны, у якой займаюцца каля 400 вучняў, заснаваная ў 1994 годзе спачатку як школа, а ў 2013 годзе атрымала статус гімназіі.
Гэта адзіная дзяржаўная навучальная ўстанова ў Літве з навучаньнем па-беларуску.
Форум