Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпянкоў паведаміў, што ўнутраныя войскі атрымалі новыя гранатамёты, агнямёты, кулямёты і БТР

Намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў быў заўважаны на вучэньнях унутраных войскаў зь нестатутным шаўронам «па матывах» ПВК «Вагнэр». 2023 год
Намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў быў заўважаны на вучэньнях унутраных войскаў зь нестатутным шаўронам «па матывах» ПВК «Вагнэр». 2023 год

У спэцыяльных падразьдзелах служаць 35% усіх байцоў унутраных войскаў МУС, заявіў у інтэрвію дзяржаўным СМІ намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.

Паводле яго, цяпер дзейнічае 13 такіх атрадаў, якія «пасьпяхова выконваюць задачы па лініі крымінальнай міліцыі, барацьбы з тэрарыстамі і экстрэмістамі, у прыкрыцьці малых гарадоў і населеных пунктаў памежжа», піша Позірк.

«Унівэрсальныя байцы атрымалі на ўзбраеньне новыя гранатамёты, ПТКР (процітанкавыя кіраваныя ракеты для зьнішчэньня танкаў, бранятэхнікі, схованак і нізкалётных цэляў. — Позірк), агнямёты, буйнакалібэрныя кулямёты, бронетранспартэры БТР-82А», — заявіў Мікалай Карпянкоў.

Паводле Карпянкова, павышэньне статусу «элітных падразьдзелаў» разам зь «іншымі эфэктыўнымі захадамі» накіравана на тое, каб «значна ўзмацніць» абарону памежных тэрыторыяў і мясцовых жыхароў.

«Удасканальваючы нашу арганізацыйна-штатную структуру, улічваем вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі. Аналізуючы спробы „каляровых рэвалюцыяў“ за апошнія гады, назіраем: і ў Грузіі, і ў Сэрбіі, і ў Іране найбольшую выніковасьць сярод праваахоўнікаў у процідзеяньні правакацыям... паказалі прафэсійныя, добра ўзброеныя, мабільныя спэцпадразьдзяленьні», — заявіў намесьнік кіраўніка МУС.

Досьвед вайны ва Ўкраіне, паводле Карпянкова, «дэманструе, што менавіта спэцназаўцы пасьпяхова выконваюць шырокі спэктар якіх-хаця баявых задачаў пры мінімальных стратах». Ён сказаў, што мінулы год быў аб’яўлены ва ўнутраных войсках годам разьвіцьця бесьпілётнай авіяцыі і сыстэмаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). Там стварылі тры цэнтры прымяненьня бесьпілётнай авіяцыі і сродкаў РЭБ.

Хто такі Карпянкоў

Падчас падзеяў 2020 году Карпянкоў узначальваў Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК). Асабіста ўдзельнічаў у сілавых акцыях супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. 6 верасьня 2020 году разьбіў дубінкай шкляныя дзьверы менскай кавярні O’Petit, у якой хаваліся ад міліцэйскага гвалту пратэстоўцы.

19 лістапада 2020 году прызначаны намесьнікам міністра ўнутраных справаў — камандуючым унутранымі войскамі. Знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу і шэрагу дэмакратычных краін.

Унутраныя войскі ў цэлым актыўна ўдзельнічалі ў разгонах масавых пратэстаў у 2020 годзе, іх прыцягвалі да разгону вулічных акцыяў і раней.

З канца 2022 году ў іх складзе актыўна ствараюцца новыя спэцпадразьдзелы, у першую чаргу з кантрактнікаў, якія раней адслужылі ва ўнутраных войсках. Байцоў трэнавалі дзейныя і былыя баевікі расейскай ПВК «Вагнэр».

Раней Аляксандар Лукашэнка адзначыў Карпянкова мэдалём «За адзнаку ў ахове грамадзкага парадку».

XS
SM
MD
LG