Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпянкоў паведаміў, што ў 2025 годзе атрады спэцыяльнага прызначэньня дапамаглі міліцыі затрымаць 1,5 тысячы чалавек

Намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў на вучэньнях унутраных войскаў зь нестатутным шаўронам «па матывах» ПВК «Вагнэра». Ілюстрацыйнае фота
Намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў на вучэньнях унутраных войскаў зь нестатутным шаўронам «па матывах» ПВК «Вагнэра». Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў, што ўлады працягваюць разьвіваць падразьдзелы спэцыяльнага прызначэньня.

«Нягледзячы на складаную абстаноўку на вонкавым контуры, мы спакойна і пасьлядоўна рэалізавалі заплянаваны комплекс захадаў для разьвіцьця ўнутраных войскаў. Працягнулі падрыхтоўку добраахвотнікаў падразьдзелаў спэцыяльнага прызначэньня і атрадаў народнага апалчэньня», — паведаміў Мікалай Карпянкоў на пасяджэньні калегіі Міністэрства ўнутраных справаў аб выніках дзейнасьці ў 2025 годзе.

Паводле прэсавай службы МУС Беларусі, Карпянкоў заявіў, што ў выніку плянавых і раптоўных праверак унутраныя войскі «гатовыя да выкананьня баявых задач».

«Аптымізуецца абарона Беларускай АЭС, разьвіваюцца падразьдзелы спэцыяльнага прызначэньня. Іх байцы супольна з калегамі з крымінальнай міліцыі затрымалі прыблізна 1 500 падазраваных», — сказаў намесьнік кіраўніка МУС.

Карпянкоў таксама паведаміў, што на базе спэцпадразьдзелаў створаныя цэнтры бесьпілётнай авіяцыі, уведзеныя ў эксплюатацыю сучасныя комплексы барацьбы з дронамі.

Апошнім часам Міністэрства ўнутраных справаў усё часьцей паведамляе, што грамадзян, якіх падазраюць у «экстрэмізьме» або «прапагандзе нацызму», затрымліваюць пры сілавой падтрымцы атрадаў спэцыяльнага прызначэньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG