Як адзначаецца ў паведамленьні, у Лёзьненскім раёне Віцебскай вобласьці падтоплены адзін нізкаводны мост, у Гомельскай вобласьці — падтопленыя два ўчасткі дарогі ў Гомельскім раёне, адна сядзіба ў Добрускім, адзін участак дарогі ў Петрыкаўскім, а таксама адзін участак дарогі і адзін мост у Мсьціслаўскім раёне Магілёўскай вобласьці.
Згодна зь інфармацыяй Белгідрамэту, інтэнсіўнасьць павелічэньня ўзроўняў вады ў рэках Беларусі складае ад аднаго да 34 сантымэтраў кожныя 24 гадзіны, а месцамі — у басэйнах Заходняй Дзьвіны і Беразіны — ад 10 да 62 сантымэтраў.
У Стаўбцоўскім раёне — вучэньні
18 сакавік падразьдзелы Міністэрства ў надзвычайных сытуцыях Беларусі з удзелам іншых раённых службаў па забесьпячэньні жыцьцядзейнасьці рэгіёну правядуць маштабныя вучэньні ў Стаўбцоўскім раёне. Яны будуць працягвацца да 20 сакавіка.
Згодна зь легендай, на раён абрынецца моцны цыклён з парывамі ветру да 25 мэтраў на сэкунду, залевамі і рэзкім пацяпленьнем, вынікам чаго стануць хуткае таяньне сьнегу, падзеньне дрэў, абрывы ліній электраперадач і аварыі на сыстэмах жыцьцезабесьпячэньня раёну.
«Галоўная задача — на практыцы адпрацаваць зладжанасьць дзеяньняў усіх службаў раёну. Ратавальнікі, энэргетыкі, дарожнікі і мэдыкі будуць у рэальным часе ўстараняць заторы на дарогах, аднаўляць электразабесьпячэньне і ліквідаваць наступствы ўмоўных тэхнагенных аварый», — адзначылі ў ведамстве.
Раней прагназавалі, што сёлета празь вялікі запас сьнегу пад вадой можа апынуцца да 60% тэрыторыі Беларусі. Найбольш ад такіх зьяваў цярпіць Гомельская вобласьць. Вясновая паводка традыцыйна пачынаецца на Прыпяці, Сажы і Дняпры.
Пазьней міністар у надзвычайных сытуацыях Беларусі Вадзім Сіняўскі заявіў, што сёлета чакаецца «плянавае праходжаньне паводкавай сытуацыі».
Найбольшая паводка ў Гомельскай вобласьці адбылася ў 2023 годзе. Тады пад вадой апынуліся сотні падворкаў, жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў, а людзей часова адсялялі.
Форум