Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гідролягі папярэдзілі аб набліжэньні да небясьпечнага ўзроўню вады на прытоках Прыпяці

Паводка на Палесьсі. Архіўнае фота
Паводка на Палесьсі. Архіўнае фота

У Цэнтры гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольля (Белгідрамэт) адзначылі блізкі да небясьпечнага ўзровень вады на прытоках Прыпяці — рэках Случ і Убарць.

Як адзначаецца ў паведамленьні гідролягаў, цягам 14-15 сакавіка на Дняпры каля Лоева і Гарыні каля Малых Вікаравічаў узроўні вады перавысілі адзнакі выхаду вады на пойму.

16 сакавіка ледастаў захоўваўся на асобных участках рэк басэйну Заходняй Дзьвіны, на Беразіне каля Бабруйску, на Сожы каля Крычава і некаторых яго прытоках. На Заходняй Дзьвіне, Дняпры, Беразіне і Прыпяці назіраецца ледаход.

Паводле Белгідрамэту, на рэках басэйнаў Нёмана, Віліі, Беразіны і Прыпяці павелічэньне ўзроўню вады адбываецца з інтэнсіўнасьцю 1-8 сантымэтраў на содні, а на рэках Заходняй Дзьвіны, Дняпра і Сожа — да 68 сантымэтраў.

У Міністэрстве ў надзвычайных сытуацыях Беларусі паведамілі аб затапленьні маста і ўчасткаў дарог у Мсьціслаўскім раёне Магілёўскай вобласьці і ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці.

Раней прагназавалі, што сёлета празь вялікі запас сьнегу пад вадой можа апынуцца да 60% тэрыторыі Беларусі. Найбольш ад такіх зьяваў цярпіць Гомельская вобласьць. Вясновая паводка традыцыйна пачынаецца на Прыпяці, Сажы і Дняпры.

Пазьней міністар у надзвычайных сытуацыях Беларусі Вадзім Сіняўскі заявіў, што сёлета чакаецца «плянавае праходжаньне паводкавай сытуацыі».

Найбольшая паводка ў Гомельскай вобласьці адбылася ў 2023 годзе. Тады пад вадой апынуліся сотні падворкаў, жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў, а людзей часова адсялялі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG