Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, міжнародныя перавозьнікі зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спрыяць урэгуляваньню сытуацыі з грузавікамі на літоўскай рэгістрацыі, і той даручыў Турчыну правесьці сустрэчу зь імі.
«Мы, нягледзячы на адкрыта недружалюбную палітыку суседніх дзяржаваў, займаем канструктыўную пазыцыю і маем намер максымальна ўлічваць інтарэсы ўсіх зацікаўленых бакоў. Нягледзячы на магчымасьць канфіскацыі транспартных сродкаў, беларускі бок дакладна ня мае намераў і жаданьня гэтым скарыстацца. Наша жаданьне — канструктыўна дамовіцца і выйсьці з сытуацыі, што склалася», — працытавала агенцтва Турчына.
Разам з тым Аляксандар Турчын дадаў, што літоўскі бок павінен кампэнсаваць выдаткі на перахоўваньне транспартных сродкаў.
«Падчас нядаўняга візыту прадстаўнікоў літоўскай асацыяцыі яны мелі магчымасьць пераканацца, што ўсе транспартныя сродкі знаходзяцца на ахоўваных стаянках, яны ўсе ў спраўным стане. Уласьнік гэтых стаянак — камэрцыйная арганізацыя. Наша пазыцыя таксама зразумелая: тыя выдаткі, якія панесла наша кампанія, павінны быць кампэнсаваныя», — сказаў прэм’ер ураду Беларусі.
Аляксандар Турчын адзначыў, што беларускі бок цягам «усіх чатырох месяцаў» прапаноўваў калегам зь Літвы правесьці сустрэчу і перамовы для «ўрэгуляваньня гэтага і іншых пытаньняў у двухбаковых дачыненьнях».
«На жаль, імаверна, у літоўскага ўраду ёсьць больш важныя справы, чым займацца праблемамі ўласнага бізнэсу», — дадаў ён.
Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.
Нягледзячы на ўжо адкрытую мяжу, рэжым Лукашэнкі дагэтуль не дазваляе літоўскім транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 эўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.
Паводле Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Літвы Linava, у Беларусі затрымалі 1071 транспартны сродак, зь якіх 575 — паўпрычэпы і 496 — цягачы.
Форум