Linava заявіла, што маёмасная шкода ад гэтых дзеяньняў можа дасягаць 22 млн эўра, паведамляе літоўскі тэлеканал LRT. Паводле зьвестак, сабраных асацыяцыяй, цяпер тэрыторыі Беларусі затрыманы 1071 транспартны сродак — яны належаць 149 літоўскім прадпрыемствам. Зь іх 496 складаюць цягачы (фуры), 575 — паўпрычэпы і іншая транспартная тэхніка.
Як сьцьвярджае Linava, агульны кошт затрыманай маёмасьці складае 15,9 млн эўра, аднак з улікам папярэдніх зьвестак ад іншых кампаніяў, агульная сума стратаў вырасьце да 22 млн эўра.
Раней прэзыдэнт Linava Эрландас Мікенас казаў, што страты літоўскіх перавозьнікаў ад затрыманьня грузавікоў у Беларусі набліжаюцца да 100 мільёнаў эўра.
У звароце асацыяцыя заклікала Эўракамісію афіцыйна ацаніць сытуацыю і магчымае парушэньне эканамічных інтарэсаў ЭЗ, каб прыняць каардынаваныя дыпляматычныя і юрыдычныя крокі на эўрапейскім узроўні для вяртаньня незаконна затрыманага транспарту.
Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту паветраных балёнаў з кантрабандай.
Нягледзячы на ўжо адкрытую мяжу, рэжым Лукашэнкі дагэтуль не дазваляе літоўскім транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата ў памеры 120 эўра.