Кіраўнік бэльгійскага ўраду Барт Дэ Вэвэр заклікаў краіны Эўразьвязу даць дазвол на перамовы з Расеяй, бо альянс дагэтуль ня змог прымусіць Маскву адмовіцца ад вайны супраць Украіны.
«Раз мы ня можам пагражаць Пуціну, адпраўляючы зброю Ўкраіне, і мы ня можам эканамічна задушыць яго без падтрымкі Злучаных Штатаў, застаецца толькі адзін мэтад: прыйсьці да ўгоды», — сказаў ён бэльгійскай газэце L’Echo, перадае AFP.
Паставіць Расею на калені можна будзе толькі пры «100-працэнтнай падтрымцы Злучаных Штатаў», сказаў ён.
Але таксама Дэ Вэвэр дадаў, што лічыць, што ЗША ня цалкам на баку Ўкраіны, часам здаюцца «бліжэйшымі да Пуціна», чым да кіеўскага лідэру.
«Без мандату на перамовы ў Маскве мы не за сталом перамоваў, дзе амэрыканцы будуць падштурхоўваць Украіну да прыняцьця ўгоды. І я ўжо магу сказаць, што гэта будзе дрэннае пагадненьне для нас», — сказаў ён.
Некалькі эўрапейскіх лідэраў, у тым ліку прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон, нядаўна імкнуліся аднавіць кантакты з Пуціным, імкнучыся не пакідаць прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу ў адзіночку вырашаць, што рабіць пасьля ўварваньня, распачатага Расеяй у лютым 2022 году.
Але кіраўніца дыпляматыі ЭЗ Кая Калас заявіла, што блёк павінен спачатку дасягнуць пагадненьня аб тым, чаго чакаць ад Расеі, перш чым зьвяртацца непасрэдна да Пуціна.
У мінулым месяцы Калас заявіла, што Эўропа павінна сфармуляваць «максымалістычныя патрабаваньні» і падштурхнуць Крамль да саступак, у тым ліку шляхам згоды на скарачэньне ўзброеных сіл.
Форум