Паводле інфармацыі выданьня, яе сярэдні месячны даход складае каля 18 з паловай тысяч эўра па курсе на момант публікацыі, што перавышае яе заробак на пасадзе міністра ўрада Аўстрыі, калі яна атрымлівала 17 тысяч 800 эўра, піша The Insider.
Пры гэтым у 2022 годзе Кнайсль запэўнівала, што пасьля пераезду ў Расею пасялілася ў разанскай вёсцы і жыве ўсяго на 1200 эўра за месяц. Прыбытак Кнайсль, тлумачыць The Insider, складаецца з сямі крыніц: працы ва ўнівэрсытэце ў Пецярбургу, у «ТБ Навіны» (юрыдычная асоба Russia Today), у «Міжнародным цэнтры кампэтэнцый у горнатэхнічнай адукацыі», у Сібірскім фэдэральным і Разанскім унівэрсытэтах, і студыі «Тэлепрофіль». Усе працадаўцы Кнайсль альбо наўпрост кантралююцца, альбо звязаныя з расейскай уладай, падкрэсьлівае выданьне.
Акрамя гэтага, у 2024 годзе былая кіраўнік аўстрыйскага МЗС выпусьціла кнігу «Рэквіем па Эўропе», у якой «са шкадаваньнем прызнае канчатковы заняпад той Эўропы, у якой яна нарадзілася і пражыла доўгія гады».
Карын Кнайсль узначальвала аўстрыйскае МЗС у 2017–2019 гадах. У жніўні 2018 года ў яе на вясельлі пабываў Уладзімір Пуцін і танчыў зь ёй як нявестай. З чэрвеня 2021 па май 2022 года Кнайсль уваходзіла таксама ў савет дырэктараў «Раснафты», а ў ліпені 2022 года паведаміла, што зьехала з Аўстрыі з-за пагроз.
Форум