Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе беларускай кантрабанды сёлета ў Літве затрымалі 28 чалавек, зь іх 6 — на гэтым тыдні

Шары з кантрабандай, архіўнае фота
Шары з кантрабандай, архіўнае фота

11 сакавіка ў Літве затрымалі 6 мужчын, падазраваных у датычнасьці да кантрабанды цыгарэт зь Беларусі на паветраных шарах. Агульная колькасьць затрыманых ад пачатку году склала ўжо 28 чалавек.

Памежнікі таксама перахапілі тры партыі перапраўленых шарамі кантрабандных цыгарэт агульнай колькасьцю 13 500 пачкаў. І канфіскавалі 5 легкавікоў, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

Усяго сёлета памежнікі перахапілі 57 такіх партый (160 тысяч пачкаў).

За ўвесь 2025 год у Літве затрымалі 171 падазраванага ў кантрабандзе зь Беларусі і перахапілі 635 перапраўленых шарамі грузаў.

У 2024 годзе такіх грузаў было 226, у 2023-м — усяго тры, а ў 2022-м — ніводнага.

Рэч у тым, што пасьля ўзмацненьня наземнай аховы мяжы кантрабандысты пераключыліся на дастаўку цыгарэтаў мэтэазондамі ці дронамі. Летась такім чынам яны пераправілі 80% кантрабанды — больш як 1,6 мільёна пачкаў, якія ў выніку трапілі на склады памежнікаў.

27 студзеня быў самы маштабны сёлета «залёт» кантрабандных шароў зь Беларусі. Праз гэта тройчы давялося спыняць працу Віленскага аэрапорта, што закранула 1,7 тысячы пасажыраў.

Адзін шар прызямліўся ў Вільні каля ажыўленай вуліцы. Мужчына, які прыехаў забраць груз, уцякаючы ад паліцыі, параніў афіцэра.

Пры канцы мінулага году гэткія шары зь Беларусі дзясяткі разоў парушалі працу літоўскіх аэрапортаў.

Летась 31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перапраўкай цыгарэт на паветраных шарах займаюцца літоўскія грамадзяне: «Тое, што літоўцы самі сабе перакінулі, дык вы знайдзіце гэтых літоўцаў, высьветліце і зь іх запатрабуйце».

Ён дадаў, што ня бачыць парушэньня ў дзеяньнях беларускіх «бандзюг», бо яны ня скралі цыгарэты, а купілі іх на фабрыцы, каб прадаць з выгадай.

У сярэдзіне сьнежня ўрад Літвы абвясьціў рэжым надзвычайнай сытуацыі. Літоўскія палітыкі лічаць «нашэсьце» кантрабандысцкіх шароў гібрыднай атакай Менску.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG