З 1 красавіка гэтага году беларускія ўлады плянуюць увесьці для крамаў Second-hand адмысловы ўтылізацыйны збор. Такую меру ініцыявала Міністэрства жыльлёвай гаспадаркі. Нібыта, гэтае адзеньне, якое было ва ўжытку і прыехала ў Беларусь пасьля набыцьця і выкарыстаньня трэба неяк утылізаваць. А за гэта, па ідэі аўтараў гэтых зьменаў мусяць заплаціць тыя, хто прывёз адзеньне. То бок імпартэры-прадаўцы. За 1 тону вопраткі — 720 рублёў, за адну тону абутку — 180 рублёў.
Такія зьмены чыноўнікі задумалі яшчэ ў сьнежні мінулага году і правялі грамадзкае абмеркаваньне адпаведнай пастановы Саўміна. Пакуль новаўвядзеньне не прынятае, але паводле праекта пастановы, зьмены мусяць пачаць дзейнічаць з красавіка гэтага году.
«Няма тэхналёгій»
Эколяг, экспэртка Альянсу «Зялёная Беларусь» Ганна Скрыган сумняецца, што ўвядзеньне збору скіраванае на паляпшэньне экалёгіі. Бо ў Беларусі проста няма магчымасьцяў перапрацоўваць гэтую вопратку.
«Няма ў Беларусі тэхналёгій, якія дазваляюць нармальна перапрацоўваць адзеньне. І яшчэ некалькі гадоў таму, калі я была ў Беларусі, у фактычна большасьці пунктаў другаснай сыравіны ўжо не прымалі тэкстыльныя адыходы. А калі і прымалі, то з агаворкай, што гэта проста абрэзкі тканін з натуральнага складу. Яшчэ адна праблема — на што яны там пэрыядычна спасылаюцца і пра што гавораць: што адзеньне можа быць небясьпечным. Што адзеньне павінна быць апрацаванае супраць усялякіх мікробаў, грыбкоў, усяго таго, што можа выклікаць нейкія захворваньні. Гэта адзеньне з сэканд-хэндаў экалягічна бясьпечнае, бо ў Эўрапейскім саюзе патрабаваньні да тых рэчываў, з дапамогай якіх апрацоўваюць такое адзеньне, вельмі жорсткія. Яго дастаткова проста папраць», — гаворыць экспэртка.
Суразмоўца прыводзіць прыклад, як абыходзяцца з адыходамі з адзеньня ў Беларусі. Іх проста вывозяць на сьметнік. Для гэтага трэба ўзяць даведку, што прадпрыемствы не могуць іх перапрацаваць.
«У Беларусі ёсьць заканадаўства аб абыходжаньні з адыходамі, у якім наўпрост запісана, што на палігонах нельга разьмяшчаць адыходы, якія можна перапрацаваць.Ёсьць спэцыяльны рэестар прадпрыемстваў па апрацоўцы гэтых адыходаў. Чалавек піша ім, ці могуць яны ўзяць тую ж вопратку на перапрацоўку. І яны адказваюць: не, у іх няма тэхналягічнай магчымасьці. Гэты адказ чалавек прыкладае да дакумэнтаў на атрыманьне ліцэнзіі на вываз сваіх адыходаў, і атрымлівае дазвол з раённай або абласной інспэкцыі па ахове навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. І ўсё, гэты адыходы вывозіць на звалку», — апісвае суразмоўца.
Што да ідэі браць пошліны, то экспэртка тлумачыць гэта эканамічнай матывацыяй. А менавіта — абаронай прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці ад канкурэнтаў боку прадаўцоў крамаў Second-hand.
«Не зразумела, каму і на што ідуць грошы»
У Беларусі існуе экалягічны падатак, утылізацыйны збор за ўвоз транспартных сродкаў, існуе ўтылізацыйны збор для вытворцаў упакоўкі, шынаў, акумулятараў, утылізацыйны збор на сельскагаспадарчую і будаўнічую тэхніку. Усё гэта, нібыта, мусіць абараняць экалёгію, а грошы ад гэтых збораў ісьці на фінансаваньне перапрацоўкі адыходаў і іншыя экалягічныя мерапрыемствы.
Аднак, адсачыць, куды менавіта накіроўваюцца грошы ў Беларусі немагчыма, на гэта зьвяртае ўвагу Ганна Скрыган.
«Грошы адразу ідуць у бюджэт, а далей яны ўцёмную разьмяркоўваюцца паміж катэгорыямі, і ўвогуле нельга адсачыць, колькі канкрэтна з гэтай павышанай цаны, з гэтага ўтыльзбору, трапіла канкрэтна якому прадпрыемству на перапрацоўку. Гэта сапраўды сыстэма абсалютна непразрыстая. Можна было б зьмірыцца з тым, што сапраўды прадпрыемствам трэба перапрацоўваць адходы, і, магчыма, такі ўтыльзбор даў бы пэўную перавагу прадпрыемствам, якія займаюцца такой перапрацоўкай. Але ў існуючай інстытуцыянальнай сыстэме Беларусі мы не можам даць гарантый, што так і будзе, і што наш утыльзбор пойдзе канкрэтна на перапрацоўку тэкстыльных адыходаў», — зважае экспэртка.
«Падатак на імпарт, а не клопат пра экалёгію»
Увядзеньне ўтылізацыйнага збору для імпартэраў ужыванай вопраткі — гэта пратэкцыянізм дзяржаўных прадпрыемстваў, мяркуе Аліса Рыжычэнка, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях.
«Мы назіраем, што доля секанд-хэнду ў Беларусі ў розьнічным гандлі тэкстыльнымі вырабамі даволі моцна расьце, нават улічваючы ўсе абмежаваньні. І гэта ў першую чаргу зьвязана з сацыяльнымі магчымасьцямі. Там больш нізкія цэны, больш шырокі асартымэнт. Асабліва гэта тычыцца адзеньня для падлеткаў, адзеньня для пэнсіянэраў, калі яны не могуць сабе дазволіць пайсьці ў нейкі беларускі ўнівэрмаг, гандлёвы дом і купіць сабе беларускую вопратку вытворчасьці „Беллегпрама“, бо яна каштуе як крыло самалёта. Любыя там боты за 200 ці 250 рублёў. Утылізацыйны збор, які навешваюць на сэканд-хэнд, цяпер будзе выплачвацца проста на мяжы, то бок гэта фактычна падатак на імпарт, каб зрабіць гэтую вопратку больш дарагой для беларусаў», — гаворыць эканамістка.
Калі ўтылізацыйны збор для крамаў Second-hand усё ж увядуць, то гэта ўсё адно ніяк не дадасьць зацікаўленасьці прадукцыяй «Беллегпрам», а таксама ніяк не паўплывае на экалёгію, дадае суразмоўца.
«На „Беллегпрам“ гэта не паўплывае ніякім чынам, бо ў беларусаў не зьявяцца грошы на іхнюю вопратку. Нават калі мы не бярэм пэнсіянэраў, было шмат выпадкаў, і яны паўтараюцца, калі бацькі зьбіраюць дзяцей у школу. Людзі скардзяцца ў сацсетках на дарагую вопратку, бо прымушаюць набываць школьную форму ад „Беллегпрама“. Праблемы неэфэктыўнага кіраваньня дзяржаўнымі прадпрыемствамі перакладаюць на гаманцы беларусаў, якія і так плацяць дастаткова розных відаў падаткаў. Што такое сэканд-хэнд? Гэта якраз і ёсьць кругавое выкарыстаньне, circle economy. У нас няма прадпрыемстваў, якія б утылізавалі, перапрацоўвалі гэты тэкстыль і дазвалялі выкарыстоўваць яго неяк паўторна», — тлумачыць Рыжычэнка.
Брацьба супраць крамаў Second-hand
2010–2014 год. Пачатак
Пасьля ўступленьня Беларусі ў Мытны саюз у 2010 годзе крамы Second-hand мелі меншыя ўвазныя пошліны, чым тыя, хто завозіў новую вопратку. Мінімальная стаўка на ўвазную імпартную вопратку была ў 8-12 разоў вышэй, чым на вопратку, якая была ва ўжытку. Гэта дало кропку старту для разьвіцьця крамаў Second-hand у Беларусі, а таксама стала раздражняльнікам для беларускіх уладаў і мясцовых дзяржаўных вытворцаў вопраткі.
Ужо ў 2014 годзе беларускі ўрад прыняў пастанову, яка зацьвярджала правілы гандлю асобнымі таварамі, у тым ліку вопраткай, якая была ва ўжытку. У той пастанове прапісвалася ў тым ліку, абавязковая эпідэміялягічная экспэртыза для некаторых тыпаў такіх тавараў. Таксама прадаўца абавязвалі прапісваць усе недахопы тавару на таварным ярлыку. Аднак, гэтая пастанова ў той час наўпрост нічога не забараняла крамам Second-hand.
2018–2020 год. Абвінавачваньні і спробы абмяжоўваць
З 2018 году беларускі дзяржаўны канцэрт Беллегпрам усё актыўней пачынае выказваць занепакоенасьць крамамі Second-hand. У канцэрне прапанавалі абмежаваць гандаль б/у вопраткай праз інтэрнэт. Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня вынесла на абмеркаваньне адпаведны праект закону. Аднак, тыя зьмены так і не былі прынятыя.
У 2019 годзе Беллегпрам пайшоў у новую атаку на кармы вопраткі, якая была ва ўжытку. Тагачасная кіраўніца Тацьцяна Лугіна абвінаваціла гэтыя крамы ва ўвозе новага адзеньня пад выглядам б/у адзеньня. Нібыта, так прадпрымальнікі плацяць меншыя пошліны. Таксама кіраўніца Беллегпрама абвінаваціла прадпрымальнікаў, якія гандлююць б/у вопраткай у нядобрасумленнай канкурэнцыі. Лугіна нават прапаноўвала прыбраць такія крамы з цэнтральных вуліц буйных гарадоў.
У сьнежні 2020 году ўрад прыняў пастанову, якая фактычна забараніла прадаваць у крамах Second-hand новую вопратку. Дакумэнт пачаў дзейнічаць у 2021 годзе.
2022–2026 год. «Падрыў беларускага рынку»
У 2022 годзе Лукашэнка абвінаваціў крамы ўжыванай вопраткі ў падрыве беларускага рынку. Нібыта, з-за гэтага ў беларускім легпраме ўзьнікла «дзіра», а ўнутраны рынак «аддалі няясна каму».
ЭЗ у 2024 годзе ўвёў санкцыі на ўвоз эўрапейскіх тавараў тыпу Second-hand у Беларусь. Тады ж беларускія ўлады ўвялі контрсанкцыі і таксама забаранілі ўвоз б/у вопраткі ў Беларусь праз Літву. Аднак, праз год, у 2025 годзе гэтае рашэньне адмянілі.
Увядзеньне ўтылізацыйнага збору можа стаць працягам барацьбы беларускіх уладаў супраць сфэры гандлю б/у вопраткай. Па дадзеных Белстата, з 2019 году да 2021 год экспарт ношанага адзеньня ў Беларусь скараціўся ў грашовым вымярэньні ў 1,4 разы — да 62,8 мільёна даляраў. Росквітам жа прынята лічыць 2019 год, да фактычных абмежаваньня з боку ўладаў.
Форум