Праваабарончы цэнтар «Вясна», кампанія «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» і «Прававая ініцыятыва» прадставілі сумесны даклад Спэцыяльнаму дакладчыку ААН па пытаньні аб пазасудовых пакараньнях сьмерцю, пакараньнях сьмерцю без належнага судовага разбору або адвольных пакараньнях сьмерцю Марысу Цыдбал-Бінцу.
У дакладзе разглядаецца праблема сьмяротнага пакараньня ў Беларусі з пункту гледжаньня забароны катаваньняў ды іншых формаў жорсткага абыходжаньня, піша «Вясна».
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе па-ранейшаму ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Працэдура яе выкананьня ў строгай сакрэтнасьці: улады цалкам не публікуюць зьвесткі аб прысудах і пакараньнях сьмерцю, не паведамляюць сем’ям дату пакараньня, не вяртаюць целы і не раскрываюць месца пахаваньня, пішуць праваабаронцы.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, у 2015-2025 гадах у Беларусі былі вынесеныя 24 сьмяротныя прысуды. За апошнія пяць гадоў іх было пяць. Вядома пра два пакараньні сьмерцю, тады як лёс яшчэ аднаго асуджанага застаецца невядомым.
Аўтары дакладу таксама зьвяртаюць увагу на парушэньні падчас расьсьледаваньня і судовых працэсаў, уключна з абмежаваньнем доступу да адвакатаў і залежнасьцю судовай сыстэмы ад выканаўчай улады.
Асуджаныя да сьмяротнага пакараньня ўтрымліваюцца ў камэрах строгага рэжыму без прагулак, з кругласуткавым асьвятленьнем і ва ўмовах амаль поўнай ізаляцыі. Такі прысуд у Беларусі прыводзіцца ў выкананьне шляхам расстрэлу, а дата пакараньня загадзя не паведамляецца.
Праваабаронцы таксама адзначаюць прыкметы палітызацыі сьмяротнага пакараньня. У якасьці прыкладу прыводзіцца справа грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, які быў асуджаны да сьмерці ў 2024 годзе, а затым вызвалены ў рамках міжнароднага абмену зьняволенымі.
У дакладзе падкрэсьліваецца, што Беларусь сыстэматычна ігнаравала просьбы Камітэту ААН па правах чалавека прыпыніць выкананьне сьмяротных прысудаў. Пасьля выхаду краіны ў 2023 годзе з Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах асуджаныя ды іх сваякі таксама страцілі магчымасьць зьвяртацца са скаргамі ў гэты міжнародны орган.