Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка палітвязьня Анджэя Пачобута атрымала ад імя бацькі ў Кракаве прэмію Вайды

Дачка Анджэя Пачобута Яна падчас цырымоніі ўручэньня прэміі
Дачка Анджэя Пачобута Яна падчас цырымоніі ўручэньня прэміі

У Кракаве ў рамках сьвяткаваньня стагодзьдзя рэжысэра Анджэя Вайды 6 сакавіка ўручылі прэмію ягонага імя. Ёй ушаноўваюць за выдатную дзейнасьць у духу грамадзкай салідарнасьці. Адным зь сёлетніх ляўрэатаў прэміі стаў зьняволены ў Беларусі журналіст Анджэй Пачобут.

«Анджэй Пачобут — журналіст і дзяяч Саюзу палякаў на Беларусі, сымбаль непахіснай барацьбы за праўду і правы чалавека. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і турму, ён застаўся верным свайму прынцыпу: слова — гэта акт свабоды, а праўда — абавязак перад народам. Ягоная пазыцыя сьведчыць пра салідарнасьць паміж народамі Польшчы і Беларусі і нагадвае, што каштоўнасьці Вайды — свабода і годнасьць — застаюцца ўнівэрсальнымі», — гаворыцца ў рашэньні арганізатара прэміі — фонду «Кіёта—Кракаў».

Прэмію ад імя бацькі атрымала Яна Пачобут.

«Анджэй Пачобут сваёй непахіснасьцю і змаганьнем за незалежнасьць Беларусі плаціць цяжкім зьняволеньнем. Спадзяюся, што мы зможам уручыць яму гэтую ўзнагароду ў Кракаве», — сказала кіраўніца фонду Крыстына Захватовіч-Вайда.

Ляўрэаты атрымалі аўтапартрэт Вайды і грашовую прэмію ў памеры 75 тысяч злотых (каля 20 тысяч даляраў).

Прэмію ўручыла старшыня польскага Сэнату Малгажата Кідава-Блонска, паведаміла Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Разам з Пачобутам ляўрэаткай прэміі стала Данута Валэнса — жонка лідэра прафсаюзу «Салідарнасьць», першага дэмакратычна абранага прэзыдэнта Польшчы і нобэлеўскага ляўрэата Леха Валэнсы.

«Данута Валэнса — адна з самых вядомых жанчын у сучаснай гісторыі Польшчы, сымбаль мужнасьці і ціхай рашучасьці. У 80-я гады яна падтрымлівала „Салідарнасьць“ і стварала грамадзкую апорную сетку для руху, які зьмяніў лёс Эўропы. Доўгі час яна была ў ценю свайго мужа, але была ня менш важным удзельнікам шляху Польшчы да свабоды. Менавіта яна прыняла ад імя Леха Валэнсы Нобэлеўскую прэмію міру», — гаворыцца ў паведамленьні арганізатараў прэміі.

Анджэй Вайда (1926–2016) — сусьветна вядомы польскі рэжысэр і ляўрэат прэміі «Оскар» за выбітны ўнёсак у сусьветны кінэматограф. З 2018 году ў Польшчы ўручаецца прэмія ягонага імя.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG