Дата дня
10 сакавіка 1926 году нарадзіўся Васіль Супрун — заснавальнік і кіраўнік беларускага антысавецкага падпольля на тэрыторыі Заходняй Беларусі, паэт, краязнавец, археоляг. Васіль Супрун у 1946 годзе стварыў патрыятычную арганізацыю «Чайка», удзельнікі якой жылі ў Слоніме, Пінску, Баранавічах і Наваградку. У 1947 годзе Васіля Супруна арыштавалі і пакаралі 25 гадамі зьняволеньня. У 1956 годзе яго памілавалі, але па вяртаньні ў Слонім паставілі на ўлік. У 1992 годзе Супрун падаваў прашэньне аб рэабілітацыі, але беларускія ўлады адмовілі яму ў гэтым.
Васіль Супрун таксама вядомы як аўтар кніг па гісторыі Слонімшчыны і літаратурных твораў. У яго выйшлі тры зборнікі вершаў, але самай вядомай стала кніга «Незабыўныя ксівы» — вершаваная канцлягерная перапіска з Ларысай Геніюш.
Таксама ў гэты дзень
1646 — кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ўладзіслаў Ваза ажаніўся зь Людвікай Ганзага, якая стала польскай каралевай і вялікай княгіняй літоўскай, актыўна ўмешвалася ў палітыку, за што шляхта не любіла яе і параўноўвала з «маленькім этыёпам, які асядлаў слана».
1887 — арыштаваны царскай паліцыяй у Пецярбургу Юзаф Пілсудзкі для пратаколу назваў сябе беларусам.
1931 — карнікі НКВД у Менску вынесьлі прысуд беларускаму паэту Ўладзімеру Жылку — пяць гадоў высылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласьці. Моцна хворы паэт быў адпраўлены ў Расею, дзе неўзабаве памёр.
О, мой Край, злога ветру пагудкам
Не заліць твайго шчасця зару!
Гэты верш развітання і смутку
Ты згадай ў залатую пару!
Дык бывай жа здаровы, каханы,
Зацвітай і красуй у вякох!
Скажуць людзі: як ліст адарваны,
Па табе я ў чужыне засох.
1939 — у Менску прэм’ерай першай савецкай беларускай опэры «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага адкрыўся будынак Дзяржаўнага тэатру опэры і балету Беларусі.
1972 — здарыўся выбух на Менскім радыёзаводзе. Загінулі, паводле розных зьвестак, ад 100 да 140 чалавек, больш за 100 пацярпелі.
У гэты дзень нарадзіліся
1928 — Яўген Сідаровіч, беларускі навуковец у галіне фізіялёгіі і экалёгіі.
1933 — Серафім Андраюк, літаратуразнаўца, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
1940 — Чак Норыс, амэрыканскі кінаактор і майстар баявых мастацтваў.
1942 — Міхась Ткачоў, беларускі археоляг і гісторык архітэктуры, палітычны дзеяч. У канцы 1980-х ён актыўна ўключыўся ў грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 1986 годзе Ткачоў заснаваў у Горадні гісторыка-культурны клюб «Паходня», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, выступаў за аднаўленьне ў Беларусі сацыял-дэмакратыі.
1946 — Уладзімер Гасьцюхін, актор тэатру і кіно, народны артыст Беларусі.
У памяці
1781 — памёр Міхал Карыцкі, паэт-лацініст, філёзаф.
1861 — Тарас Шаўчэнка, украінскі паэт, мастак і культурны дзеяч.
1938 — расстраляны Іван Навіцкі, рабочы зь вёскі Блевачы Бярэзінскага раёну. Арыштаваны 9 сьнежня 1937 году. Асуджаны як агент польскай выведкі. Расстраляны ў Магілёўскай турме.
1940 — Міхаіл Булгакаў, расейскі пісьменьнік і драматург.
2005 — Апанас Цыхун, беларускі пэдагог, краязнаўца, літаратар.
2011 — Янка Сіпакоў, беларускі пісьменьнік, перакладчык.
2011 — Сьвятлана Навумава, навуковец, спэцыялістка ў галіне паліталёгіі і паліттэхналёгіяў.
2013 — Барыс Аракчэеў, беларускі мастак.
https://smarturl.click/MAzp