Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпло аднавілі, надвор’е палепшылася. Беларусы закрылі свой пункт абагрэву для ўкраінцаў у Кіеве

У беларускім пункце абагрэву працавалі таксама і добраахвотнікі зь Беларусі. Архіўнае фота
У беларускім пункце абагрэву працавалі таксама і добраахвотнікі зь Беларусі. Архіўнае фота

Арганізатарка беларускага пункту абагрэву ў Кіеве Алена Жаркевіч паведаміла аб закрыцьці ягонай дзейнасьці.

Як паведаміў тэлеканал Белсат, за 1,5 месяца яго наведалі каля тысячы чалавек, а ў першыя дні, калі шмат будынкаў у Кіеве засталіся безь цяпла і сьвятла, і некаторы час пасьля ў намёт прыходзіла прыблізна па 150 чалавек на дзень.

Валянтэры разьмясьцілі намёт у адным з найбольш пацярпелых ад моцных удараў Расеі па інфраструктуры раёне — у Дарніцы. У навакольных дамах доўгі час не было цяпла, праз наступствы «прылёту» тэмпэратура ў кватэрах некаторых зь іх бывала паніжалася да +8 і нават да +2 градусаў.

На апошні дзень працы пункту беларусы абвясьцілі разьвітальную імпрэзу і разам з добраахвотнікамі гатавалі для мясцовых дранікі і плоў.

«Прыходзілі людзі з суседніх дамоў, прыяжджалі зь іншых пунктаў раёну. Ведаеце, я нават плакала. Прыходзілі нашыя бабулі, кажуць: «Вы ж да нас прыяжджайце! Як жа мы без вас?!», — расказала Алена Жаркевіч.

Рэпартаж з «пункта нязломнасьці» ў Кіеве, які адкрылі беларускія валянтэры
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:34 0:00

Паводле яе, праца гэтага пункту стала магчымая, дзякуючы падтрымцы беларусаў з дыяспараў, грамадзкіх ініцыятываў і нават палітычных рухаў. Асабліва валянтэрка адзначыла беларускіх добраахвотнікаў, якія таксама імкнуліся дапамагчы і папрацаваць на месцы.

«Мне падаецца, акрамя таго, што здолелі абагрэць людзей, дапамагчы з электрычнасьцю, мы здолелі шмат расказаць, хто такія беларусы, дагрукацца нават да тых, хто верыў у «гаспадарчага» і добрага Лукашэнку. І данесьці, што мы супраць вайны, мы на баку Ўкраіны, — сказала Алена Жаркевіч.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG