Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь летась паступіла $15,8 мільярда замежных інвэстыцыяў — але іх структура выклікае пытаньні

121655386
121655386

У Беларусь у 2025 годзе паступіла 15,835 мільярда даляраў замежных інвэстыцыяў, годам раней гэты паказьнік складаў 12,376 мільярда. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі (Белстату).

Паводле афіцыйнай статыстыкі, 11,339 мільярда даляраў складаюць прамыя інвэстыцыі, яшчэ 4,348 мільярда — іншыя формы ўкладаньняў. Амаль палова ўсіх інвэстыцыяў канцэнтруецца ў Менску — 7,085 мільярда даляраў, на другім месцы Менская вобласьць з 3,807 мільярда. Рэгіёны атрымліваюць значна меншыя сумы.

Сярод асноўных краін-інвэстараў называюцца Расея, Кіпр, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Кітай. Пры гэтым амаль 5 мільярдаў даляраў інвэстыцыяў прыпадае на Расею. Частка гэтых сродкаў — гэта ўнутрыкарпаратыўныя крэдыты або фінансавая падтрымка даччыных структураў, а не новыя інвэстыцыйныя праекты.

У статыстыцы таксама значнае месца займае Кіпр (2,525 мільярда даляраў), які часта выкарыстоўваецца як афшорная юрысдыкцыя. У такіх выпадках грошы могуць паходзіць зь Беларусі або іншых краін, праходзіць праз замежныя структуры і вяртацца ў краіну ўжо як «замежныя інвэстыцыі».

Пры гэтым інвэстыцыі з заходніх краін выглядаюць значна больш сьціпла:

• Нямеччына — 411 мільёнаў даляраў,
• Нідэрлянды — 336 мільёнаў,
• Вялікабрытанія — 286 мільёнаў,
• ЗША — 247 мільёнаў.

На думку аналітыкаў, нягледзячы на рост лічбаў у статыстыцы, рэальнага інвэстыцыйнага буму ў Беларусі пакуль не назіраецца. На структуру інвэстыцыяў уплываюць палітычныя рызыкі, санкцыі і абмежаваны доступ да міжнародных фінансавых рынкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG