4 сакавіка ў Эўрапейскім Парлямэнце (ЭП) у Брусэлі адбыўся чарговы форум палітычных партый «8+100», арганізаваны Плятформай беларускіх палітычных партыяў і Эўрапарлямэнтам з падтрымкай Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і цэнтру «Эўрапейскі дыялёг».
З прывітальнымі словамі на адкрыцьці выступілі віцэ-прэзыдэнт групы Эўрапейскай народнай партыі ў ЭП Анджэй Галіцкі, эўрадэпутат Богдан Здраеўскі, старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусьсю Малгажата Гасеўская. Празь відэасувязь выступлі Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук і былы палітвязень, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.
На форуме, сярод іншага, абмеркавалі ўзаемадзеяньне дэмакратычных сілаў Беларусі і ЭЗ у абароне правоў чалавека.
Выступілі прадстаўніца Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Дэрэн Дэр’я, прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Ізабэль Рышар, а таксама беларускія палітыкі Юры Губарэвіч («Рух за Свабоду»), Мікалай Казлоў (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Віктар Бабарыка («Разам»), эўрадэпутат П’ерфранчэска Маран і люксэмбурскі дэпутат, сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Поль Галь.
Гасеўская: Лукашэнка зрабіў страх асноўным інструмэнтам улады
Паводле Малгажаты Гасеўскай, сыстэма, якая цяпер устанавілася ў Беларусі, — гэта жорсткі нэататалітарызм:
«Дзяржава Лукашэнкі забівае і катуе нявінных людзей, разбурае сем’і і шлюбы, зьнішчыла незалежныя СМІ, дэлегалізавала грамадзкія арганізацыі, падпарадкавала суды, суняла вуліцы і зрабіла страх асноўным інструмэнтам улады», — мяркуе старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусьсю.
Спадарыня Гасеўская вітала вызваленьні палітвязьняў, якія адбываліся летась, але заклікала не падманвацца з гэтай прычыны.
«Кожнае вызваленьне палітычнага зьняволенага — гэта падстава для сьвяткаваньня. Але ня будзем сябе падманваць: калі 5 ці 10 працэнтаў вызваляюцца, а астатнія працягваюць гніць у калёніях, гэта не лібэралізацыя. Гэта цынічная гульня. Гэта гандаль людзьмі.
Сёньня мы чуем галасы пра „дыялёг“, „адкрытасьць“ і „новы падыход“. Я пытаюся: з кім дыялёг? З рэжымам, які катуе сваіх грамадзян? Зь дзяржавай, якая ўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны? Лукашэнкаўская Беларусь — суагрэсар у вайне Расеі супраць Украіны. Расейскія войскі прыйшлі зь яе тэрыторыі, адтуль пачаліся напады на Ўкраіну. Гэта вайна супраць усіх нас. Гэта ня толькі пытаньне правоў чалавека. Гэта пытаньне бясьпекі для ўсёй Эўропы. І давайце скажам ясна: рэжым Лукашэнкі разумее толькі мову сілы. Ён інтэрпрэтуе ўсякую спробу аднабакова рабіць „жэсты добрай волі“ як слабасьць. А слабасьць правакуе далейшыя рэпрэсіі», — заявіла на форуме Малгажата Гасеўская.
Паводле эўрадэпутаткі Гасеўскай, трэба працягваць жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а дыялёг зь ім магчымы толькі з пазыцыі сілы і з выразна акрэсьленымі ўмовамі: вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне рэпрэсіяў і рэальны дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю краіны.
«Пакуль Анджэй Пачобут і іншыя знаходзяцца ў турме, няма паслабленьня санкцыяў. Пакуль рэжым служыць інструмэнтам Крамля, няма месца для наіўнасьці. І я скажу вельмі выразна такую рэч: калі Эўропа пачне адступаць, яна заплаціць сваёй бясьпекай. Але пакуль вы змагаецеся за свабоду, мы будзем побач з вамі», — запэўніла беларускіх удзельнікаў форуму палітычных партыяў «8+100» старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусьсю Малгажата Гасеўская.
Форум сабраў поўную залю ўдзельнікаў, паведаміла прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай. Эўрапейскія палітыкі, што выступілі на ім, разумеюць сытуацыю ў Беларусі і згодныя з тым, што пра зьмякчэньне эўрапейскіх санкцыяў можна будзе гаварыць толькі пасьля кардынальных дэмакратычных зьменаў у краіне.
У сваіх выступах яны падкрэсьлівалі, што Беларусь мае прынцыповае значэньне для сыстэмы бясьпекі Эўропы. Эўрапейскія палітыкі выказаліся ў падтрымку сувэрэнітэту Беларусі і за тое, каб у будучыні краіна заняла належнае месца ў эўрапейскай прасторы.
У форуме ўдзельічалі прадстаўнікі дзевяці беларускіх дэмакратычных партыяў, закрытых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасьля падзеяў 2020 году, піша Белсат.
Бабарыка прэзэнтаваў праект сваёй партыі «Разам»
У сваім выступе Віктар Бабарыка зьвярнуўся да прысутных на форуме і адзначыў, што хацеў бы сказаць шмат добрых словаў пра іхную працу цягам доўгіх шасьці гадоў. Бо, на ягоную думку, беларусам было цяжка «заставацца ў парадку дня эўрапейскай палітыкі і быць часткаю эўрапейскай сям’і», асабліва тады, калі можна было пачуць: «вы — суагрэсары, вы з краіны, якая пачала вайну супраць свабоды».
«Але я думаю, што рэжым — гэта ня простыя людзі. Беларусы не падтрымліваюць гэты рэжым. І калі я быў у турме, шмат людзей, палітычных і ня толькі палітычных зьняволеных казалі, што яны не падтрымліваюць гэтую вайну», — заявіў Бабарыка.
Ён сказаў, што зараз з сваёй партыяй «Разам» думае, што можна зрабіць, каб палепшыць гэтую сытуацыю, і назваў асноўныя кірункі працы, на якіх варта сканцэнтраваць свае намаганьні: вызваліць усіх зьняволеных, спыніць рэпрэсіі, пераканаць эўрапейскія ўрады паверыць, што беларусы — гэта не рэжым. А таксама што Беларусь — адзін з складнікаў бясьпекі Эўропы.
«Я думаю, што для нас вельмі важна стварыць новую сувязь паміж Украінай і Беларусьсю... Мы павінны разарваць прывязку Беларусі да Расеі. І абсалютна ўпэўнены, што мы можам гэта зрабіць. І мы спрабуем зрабіць усё неабходнае, каб гэта адбылося», — сказаў Віктар Бабарыка, скончыўшы прамову словамі «Жыве Беларусь!»
У той жа дзень каля будынку Эўрапейскага Парлямэнту ў Брусэлі адбылася акцыя салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі.
Удзельнікі акцыі гаварылі аб працягу рэпрэсіяў і падкрэсьлівалі, што колькасьць палітвязьняў не зьмяншаецца.
Арганізатары акцыі заклікалі міжнародную супольнасьць узмацніць увагу да сытуацыі з правамі чалавека і працягваць намаганьні дзеля вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.
Форум