Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне знойдзены невядомы асобнік «Псалтыра» Скарыны

Псалтыр Скарыны, Праскае выданьне 1517 году
Псалтыр Скарыны, Праскае выданьне 1517 году

«Здарыўся цуд! У Эўропе знайшоўся невядомы асобнік Псалтыра (1522?) Францыска Скарыны!» — напісаў у сваім акаунце ў «Фэйсбуку» беларускі дасьледчык, выкладчык Карлава ўнівэрсытэту ў Празе Аляксандар Паршанкоў.

Паводле яго, пра сваю знаходку на старонках Slavistica Vilnensis паведаміла Вольга Шутава, адміністратарка сайта Skaryna.com.

Шутава знайшла ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў нямецкім Веймары невядомы дагэтуль асобнік «Псалтыра», выдадзенага Францыскам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе. Кніга хавалася ў фондах пад памылковым апісаньнем.

Свабода папрасіла Аляксандра Паршанкова распавесьці, у чым унікальнасьць знаходкі Шутавай.

— Апошні раз у нашай гісторыі новую кнігу, неапісаны асобнік Скарынаўскіх выданьняў быў знойдзены ў 2003 годзе ў нямецкім Гёрліцы, калі знайшлі канвалют (сумесна пераплецены камплект) праскіх выданьняў Скарыны. А вось віленскія невядомыя выданьні, неапісаныя — такога даўно ўжо не здаралася, і таму гэта, безумоўна, вельмі значная знаходка. 250 гадоў мы, скарыназнаўцы, займаемся апісаньнем спадчыны Скарыны. І здавалася, што немагчыма знайсьці ў Эўропе, у Нямеччыне, дзе столькі славістаў, нешта новае, невядомае. Але знайшлося.

— Гэтае выданьне ў бібліятэцы Вэймара і раней атрыбутавалася, як выданьне Скарыны, але праскае і іншага году. Гэта так?

— Так. У каталозе бібліятэкі было напісана, што гэта псалтыр праскі 1517 году. То бок бібліятэкары яе калісьці даўным-даўно знайшлі, запісалі і не разумелі, што гэта мае нейкае большае значэньне, чым запіс у каталозе.

— А колькі ў сьвеце такіх віленскіх «Псалтыраў» Скарыны 1522 году?

— Большасьць — у расейскіх сховішчах, «Псалтыр» 1522 году ўваходзіць у так званую малую падарожную кніжку. Яго ў свой час набыў Белгазпрамбанк, у іх ён ёсьць у гэтай малой падарожнай кніжцы. Ёсьць у Маскве, у Санкт-Пецярбургу, таксама ёсьць асобнікі ў Славеніі, у Вялікай Брытаніі, у Польшчы.

— А ў Беларусі — толькі ў калекцыі Белгазпрамбанку?

— Так, малая падарожная кніжка Скарыны і ў ёй «Псалтар». Дзякуючы Віктару Бабарыку гэтае выданьне ў Беларусі ёсьць.

— А які будзе лёс выданьня, якое знайшла Вольга Шутава ў Вэймары?

— Цяпер «Псалтыр» правільна аформяць, навукоўцы сьвету будуць пра гэта ведаць. У бібліятэцы Акадэміі навук Літвы будуць ведаць, дзе знаходзіцца яшчэ адна ўнікальная кніга, выдадзеная ў Вялікім княстве Літоўскім. Зь цягам часу, магчыма, вэймарскі асобнік будзе аблічбаваны. Таксама цікавая тэма дасьледаваньня — якім шляхам асобнік кнігі трапіў у Вэймар, гэта пакуль не да канца вядома.

— А ці можа гэтая кніга патрапіць у Беларусь?

— Хіба што на выставу. Нямецкая бібліятэка, дзе была знойдзеная кніга — дзяржаўная, яна не прадасьць яе. Але ў Беларусь могуць патрапіць іншыя фрагмэнты выданьняў Скарыны, якія ў кастрычніку летась знайшоў я. Вось гэта цалкам імаверна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG