Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзнагародзіў Карпянкова і іншых міліцыянтаў, адказных за палітычны перасьлед беларусаў

Цэнтар маніторынгу грамадзкай бясьпекі Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму, створанага пасьля акцый пратэсту 2020 году. Ілюстрацыйнае фота
Цэнтар маніторынгу грамадзкай бясьпекі Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму, створанага пасьля акцый пратэсту 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка адзначыў дзяржаўнымі ўзнагародамі 10 супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Як адзначаецца ў паведамленьні ягонай прэсавай службы, чатырох міліцыянтаў Лукашэнка адзначыў мэдалём «За адзнаку ў ахове грамадзкага парадку».

Сярод іх:

  • намесьнік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў (у 2020 годзе кіраваў ГУБАПіКам і асабіста ўдзельнічаў у перасьледзе і зьбіцьці ўдзельнікаў пратэсту, супраць яго ў 2021 годзе Эўразьвяз, ЗША і іншыя краіны ўвялі санкцыі),
  • начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Алег Маткін (датычны да катаваньняў у турмах і калёніях, у 2022 годзе ўключылі ў міжнародныя санкцыйныя сьпісы),
  • начальнік упраўленьня крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Менску Сяргей Ушакоў (паводле яго ўказаньняў міліцыянты зьбівалі затрыманых на акцыях пратэсту, фабрыкавалі пратаколы аб парушэньнях і ілжэсьведчылі ў судах).


Ордэн «За службу Радзиме» III ступені атрымаў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Шастайла (у часе кіраўніцтва працы ў органах унутраных спраў Горадзенскай вобласьці загадаў жорстка разагнаць і затрымаць удзельнікаў акцыі ў Лідзе ў чэрвені 2020 году).

Мэдалямі «За бездакорную службу» розных ступеняў Лукашэнка адзначыў:

  • начальніка ДАІ Менску Сяргея Бабіча (удзельнічаў у перакрыцьці дарог у Менску падчас акцый 2020 году, датычны да пазбаўленьня правоў кіроўцаў, якія выкарыстоўвалі гукавыя сыгналы на знак салідарнасьціз пратэстоўцамі ў 2020 годзе),
  • намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня па супрацьдзеяньні кібэрзлачыннасьці Аляксандра Рынгевіча (датычны да перасьледу грамадзян, якія выказвалі нязгоду з палітыкай Лукашэнкі, і ўдзельнікаў пратэсту 2020 году),
  • старшага опэрупаўнаважанага дэпартамэнту крымінальнай выведкі МУС Аляксандра Івашка, датычнага да вышуку ўдзельнікаў акцый пратэсту 2020 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG