Ледакол «Мурманск» без дазволу зайшоў у тэрытарыяльныя воды Эстоніі, паведаміў ERR 3 сакавіка. Міністэрства замежных спраў Эстоніі выклікала часовага паверанага ў справах Расеі.
Ледакол знаходзіўся ў эстонскіх водах чатыры хвіліны: ён зайшоў у раён вострава Вайнлоо ў Фінскай затоцы, каб вызваліць танкер Olympic Friendship, які затрымаўся ў крыгалом.
Пры гэтым расейскі бок не паведаміў пра свае намеры ні МЗС, ні ВМС Эстоніі, а таксама не адказаў на званкі эстонскіх вайсковых маракоў па радыё. Эстонскі бок адзначыў, што гэта парушае ўстаноўленыя працэдуры і правілы для ледаколаў у тэрытарыяльных водах: замежнае судна можа прайсьці праз тэрытарыяльнае мора пры ўмове, што МЗС будзе апавешчана праз дыпляматычныя каналы ня менш чым за 48 гадзін да ўваходу. З-за складаных лядовых умоў Эстонія гатовая скараціць гэты тэрмін з 48 да 6 гадзін, дадалі мясцовыя ўлады.
4 лютага ВМС Эстоніі затрымалі на востраве Найсаар кантэйнеравоз Baltic Spirit пад сьцягам Багамскіх Астравоў. Судна плыло з Эквадору ў расейскі Санкт-Пецярбург і спынілася ў Эстоніі для дазапраўкі. Экіпаж, які складаўся з 23 расейцаў, праявіў гатоўнасьць да супрацы і не супраціўляўся, паведамілі мясцовыя ўлады.
Гэта ўжо ня першы выпадак, калі расейцы парушаюць межы тэрытарыяльных водаў або паветраную прастору Эстоніі.
У аналізе Міжнароднага цэнтру барацьбы з тэрарызмам (ICCT) і праекту Globsec паведамлялася, што з 2022 году Эстонія зазнала 11 гібрыдных атак Расеі.
Пад гібрыднымі атакамі разумеюць замахі на забойства, напады, выкраданьні, падпалы, выбухі, дывэрсіі, вандалізм і парушэньне грамадзкага парадку.
Форум