Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія затрымала сухагруз, які ішоў з Эквадору ў Расею. Яго падазраюць у кантрабандзе

Карабель фінскай берагавой аховы ў Балтыйскім моры, ілюстрацыйнае фота
Карабель фінскай берагавой аховы ў Балтыйскім моры, ілюстрацыйнае фота

Вайскова-марскія сілы Эстоніі сумесна з супрацоўнікамі Падаткова-мытнага дэпартамэнту і Дэпартамэнту паліцыі і памежнай аховы затрымалі ля вострава Найсаар кантэйнэравоз Baltic Spirit пад сьцягам Багамскіх астравоў.

Як паведамляе выданьне ERR, 188-мэтровы грузавы карабель накіроўваўся з Эквадору ў Санкт-Пецярбург, у Эстоніі быў зроблены прыпынак для запраўкі. Паводле ВМС Эстоніі, кантэйнэравоз не ўваходзіць у склад ценевага флёту Расеі і не знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Але яго падазраюць у магчымай кантрабандзе з Эквадору.

«Гаворка не ішла аб караблі, які належыць ценеваму флёту Расейскай Фэдэрацыі, і гэты карабель таксама не падпадае пад санкцыі Эўрапейскага Зьвязу. Для нас істота апэрацыі палягала менавіта на тым, што, хутчэй за ўсё, мела месца кантрабанда», — паведаміў кіраўнік спэцыяльнага аддзелу эстонскай паліцыі K-komando Марэк Аас.

Паводле яго, апэрацыя прайшла спакойна. Зараз вадаплаў стаіць на якары, але пазьней яго накіруюць у порт для больш дакладнай праверкі.

«Трэба ўлічваць, што гэта немалы карабель, на ім шмат кантэйнэраў, кожны зь якіх трэба праверыць. Так што праца працягваецца», — сказаў Аас.

Экіпаж складаецца з 23 чалавек, усе яны грамадзяне Расеі. Марэк Аас адзначыў, што, нягледзячы на магчымую пагрозу, экіпаж праявіў гатоўнасьць да супрацы і не чыніў супраціву.

У красавіку 2025 году Эстонія затрымала танкер Kiwala зь ценевага флёту Расеі для праверкі яго юрыдычнага статусу і тэхнічнага стану. Ён перавозіў сырую нафту і ішоў у расейскі порт Усьць-Луга паўз тэрытарыяльныя воды Эстоніі.

Начальнік дэпартамэнту паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Вэйка Кoмусаар казаў, што на вадаплаве не было сьцяга якой-небудзь дзяржавы, таму ён ня меў законнага права плаваць. Пазьней улады Эстоніі адпусьцілі танкер. Праз тры тыдні РФ затрымала танкер Green Admire, які выйшаў з эстонскага порту Сіламяэ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG