У новым кантракце Менскага мэтрапалітэну з арганізацыяй «Метровагонмаш», што ўваходзіць у аб’яднаньне «Трансмашхолдынг», гаворыцца пра пастаўку 15 новых вагонаў у беларускую сталіцу. Пра гэта ў прэс-службе расейскай кампаніі расказалі выданьню Office Life.
Новыя вагоны сфармуюць у тры саставы і перададуць у Менск да канца 2026 году. Гэта будуць цягнікі мадэлі «Менск-2024», якія распрацавалі на індывідуальны заказ Менскага мэтрапалітэну.
Як расказалі ў «Трансмашхолдынгу», у цягніках будуць скразныя міжвагонныя пераходы і шырокія дзьвярныя праёмы. Папярэджваць пасажыраў пра тое, што дзьверы адчыняюцца або зачыняююцца будзе адмысловая сьветлавая сыстэма абвестак.
Таксама вытворцы адзначаюць, што ў вагонах будзе нізкі ўзровень шуму і вібрацыі, а ў сыстэму кандыцыянаваньня ўбудуюць ультрафіялетавыя лямпы для абеззаражаньня паветра.
Дарэчы, у вытворчасьці цягнікоў завод «Метровагонмаш» шырока выкарыстоўвае беларускія складнікі і абсталяваньне.
Адметнасьць цягнікоў «Менск-2024» у інавацыйнай сыстэме бясьпекі і аўтавядзеньня, якая зробіць больш бясьпечным маршрут руху і яго хуткасьць, а таксама будзе кіраваць цягай і тармажэньнем. Мяркуецца, што такая ступень аўтаматызацыі зьнізіць нагрузку на машыністаў і яны змогуць больш уважліва сачыць за становішчам навакол.
Летась «Метровагонмаш» паставіў у Менск 20 вагонаў «Менск-2024», а ў 2024-м — 48. Сёньня ў мэтро сталіцы выкарыстоўваюцца больш за 400 вагонаў. Да 2023 году частку зь іх выраблялі на беларускай «дачцы» Stadler, аднак праз санкцыі кампанія спыніла супрацу з мэтрапалітэнам.
Форум