Як паведамляецца, новы цягнік зараз праходзіць абкатку. У аўторак ён накіраваўся па Аўтазаводзкай лініі з прыпынкамі на станцыях. У вагонах знаходзіліся работнікі электрадэпо «Магілёўскае» (да якога прыпісаны дадзеныя цягніка) і спэцыялісты сэрвіснай групы расейскага прадпрыемства «Метравагонмаш». Яны сачылі за парамэтрамі абсталяваньня і тэсьціравалі цягнік непасрэдна на лініі.
Агенцтва «Минск-Новости» дадае, што ў лютым 2025 года паміж расейскім заводам «Метровагонмаш» і дзяржаўным прадпрыемствам «Менскі мэтрапалітэн» быў падпісаны кантракт на пастаўку 20 вагонаў мэтро «Мінск 2024» для менскага мэтрапалітэну. Гэта чатыры пяцівагонныя цягнікі, якія будуць задзейнічаны на Аўтазаводзкай лініі. Яны заменяць старыя, у якіх заканчваецца тэрмін эксплуатацыі. Першыя два цягнікі з новай партыі ўжо дастаўлены ў Менск. Астатнія два саставы прыбудуць бліжэйшым часам.
Раней у менскім мэтро езьдзілі цягнікі ад Stadler Minsk (дачкі швайцарскага Stadler Rail Group) — але пасьля ўвядзеньня санкцый пастаўкі з іх боку спыніліся.
Праект вытворчасьці сучасных цягнікоў кампаніі Stadler у Фаніпалі пад Менскам пачаўся ў 2012 годзе, першыя цягнікі пачалі выпускаць ужо ў 2013 годзе. Плянавалася, што прадпрыемства будзе выпускаць цягнікі для Беларусі, рынку СНД ды іншых краін. У 2020 годзе паведамлялі, што 70% прадукцыі беларускага заводу ідзе на экспарт у Эўропу, а траціна — на беларускі рынак і рынак СНД. Плянавалася таксама, што гэтае прадпрыемства вырабіць электрацягнікі для трэцяй лініі менскага мэтро.
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну завод трапіў пад санкцыі. Большасьць неабходных для вытворчасьці дэталяў, якія раней закуплялі ў Эўразьвязе, сталі недаступныя. Прадпрыемства пачало скарачаць штат супрацоўнікаў і аб’ём паслуг. У 2023 годзе стала вядома, што беларускі Stadler ня зможа паставіць вагоны для менскага мэтрапалітэну.
Форум