«У гэты дні плянуюцца вывазныя рэйсы: самалёт вылеціць зь Менску без пасажыраў і даставіць у Беларусь пасажыраў з Дубаю. Цяпер адбываецца працэс атрыманьня дазволаў на выкананьне гэтых рэйсаў», — адзначаецца ў паведамленьні.
У кампаніі адзначылі, што сёньня з Дубаю ў Менск змогуць вылецець самалётам «Белавія» пасажыры, якія мелі квіткі на адпаведны рэйс 28 лютага.
Пасажыраў, вылет якіх будзе арганізаваны эвакуацыйнымі рэйсамі, праінфармуюць авіякампанія або турыстычныя апэратары.
Пасажыры скасаваных рэйсаў могуць аформіць вяртаньне поўнай вартасьці квітка па месцы набыцьця або бясплатна перанесьці вылет па тым жа маршруце з захаваньнем клясы абслугоўваньня пры наяўнасьці вольных месцаў.
У сувязі з ударамі Ізраілю і ЗША па Іране і атакамі ў адказ Тэгерана на амэрыканскія базы ў краінах Пэрсыдзкай затокі, многія авіякампаніі аб’явілі аб прыпыненьні палётаў у рэгіёне. Сярод іх Lufthansa, Air France, British Airways, WizzAir, Turkish Airlines, Qatar Airways, Iberia Express, Аэрофлот і шэраг іншых. Пакуль размова ідзе пра прыпыненьне да 3-га, часам да 7-га сакавіка.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
Форум