Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскім спартоўцам забаранілі выступаць на Паралімпіядзе ў форме з мапай Украіны ў межах 1991 году

Форма, у якой плянавалі выступаць украінскія спартоўцы на Паралімпіядзе-2026 у Італіі
Форма, у якой плянавалі выступаць украінскія спартоўцы на Паралімпіядзе-2026 у Італіі

Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) забараніў украінскім спартоўцам выступаць на Паралімпіядзе-2026 у Італіі ў форме, на якой адлюстраваная мапа Ўкраіны ў межах 1991 году.

Як паведаміла выданьне «Настоящее время», мапа ўключала ў тым ліку акупаваныя і анэксаваныя Расеяй з 2014 году тэрыторыі.

«Мы падрыхтавалі нашу спартовую, не — нават не спартовую, а парадную форму для нашай каманды. Міжнародны паралімпійскі камітэт сказаў: „Не, не, не — так ня пойдзе!“ Маўляў, гэта форма палітычная. І сказалі, што ніхто не дапусьціць, каб мы выйшлі ў такой форме», — працытавала выданьне Sport.ua прэзыдэнта Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Ўкраіны Валерыя Сушкевіча.

Фота куртак з мапай Украіны ў межах 1991 году апублікавала ўкраінскае выданьне «Суспiльне».

Паводле Сушкевіча, праз гэтую забарону Паралімпійскаму камітэту Ўкраіны давялося вырабляць новую форму і «тэрмінова аўтобусам везьці ў Італію».

Сяргей Сьцярненка, дарадца міністра абароны Ўкраіны, камэнтуючы гэтае рашэньне, заявіў, што «ў склад расейскай каманды ўваходзяць колішнія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў незаконным уварваньні».

«Расейцам дазволілі выступаць пад сваім сьцягам, а ўкраінцам забаранілі паказваць сваю тэрыторыю. Гэта проста абсурд», — сказаў Сьцярненка.

Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) раней пацьвердзіў AFP, што дапушчаныя да Паралімпіяды расейскія і беларускія атлеты змогуць выкарыстоўваць сьцягі сваіх краін. Запрашэньні атрымалі шэсьць расейцаў і чатыры беларусы.

Нацыянальны паралімпійскі камітэт Украіны назваў «цынічным» рашэньне МПК выдаць расейцам і беларусам так званыя двухбаковыя запрашэньні на Паралімпіяду. Ні Расея, ні Беларусь, як адзначалася ў заяве, «не прайшлі кваліфікацыйны працэс, каб атрымаць ліцэнзіі на ўдзел у Паралімпіядзе».

Зімовыя Паралімпійскія гульні ў Міляне і Картыне д’Ампэцца адбудуцца 6–15 сакавіка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG