Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон: Францыя павялічыць колькасьць ядзерных боегаловак

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, архіўнае фота
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, архіўнае фота

Францыя на фоне стратэгічнай нестабільнасьці ў сьвеце павялічыць свой ядзерны арсэнал, а таксама пашырыць супрацоўніцтва ў сфэры ядзернага стрымліваньня з іншымі эўрапейскімі краінамі, у тым ліку Нямечччынай. Пра гэта ў панядзелак заявіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Як паведамляе расейскай служба Радыё Свабода, прычынай гэтага рашэньня ён назваў вайну Расеі супраць Украіны, рост ваеннай моцы Кітая і зьмяненьне прыярытэтаў абароннай палітыкі ЗША.

Макрон і канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц у панядзелак пацьвердзілі стварэньне сумеснай працоўнай групы ў ядзерным пытаньні. Па словах Мэрца, ужо да канца году будуць зроблены канкрэтныя крокі, у тым ліку ўдзел Нямеччыны ў францускіх ядзерных вучэньнях.

Макрон зазначыў, што ня толькі Нямеччына, але і Нідэрлянды, Бэльгія, Данія і Польшча праявілі зацікаўленасьць у супрацоўніцтве з Францыяй у ядзернай сфэры. Ён таксама ня выключыў магчымасьці пры пэўных абставінах разьмясьціць францускую ядзерную зброю ў іншых краінах. Ён падкрэсьліў, што загад аб яе выкарыстаньні зможа аддаваць толькі прэзыдэнт Францыі.

Таксама, па словах Макрона, Францыя павялічыць колькасьць сваіх ядзерных боегаловак і ня будзе афіцыйна паведамляць, да якога памеру. Цяпер, паводле афіцыйных зьвестак, у Францыі крыху менш за 300 боегаловак.

На мінулым тыдні прадстаўнікі расейскіх уладаў абвінавацілі Францыю і Вялікую Брытанію ў імкненьні перадаць Украіне кампанэнты для вытворчасьці ядзернай зброі. Усе тры краіны адпрэчылі гэтыя сьцьвярджэньні. У сваім выступе 2 сакавіка Макрон не згадаў аб магчымым супрацоўніцтве з Украінай у ядзернай сфэры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG