Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзіць рэканструкцыя Пішчалаўскага замку ў Менску, дзе быў СІЗА-1. ФОТА

Гэтак, як плянуецца ў праекце, будзе выглядаць Пішчалаўскі замак пасьля рэканструкцыі
Гэтак, як плянуецца ў праекце, будзе выглядаць Пішчалаўскі замак пасьля рэканструкцыі

У Менску будаўнікі ўжо працуюць на аб’екце ў цэнтры гораду. На мэце стаіць поўнае перафарматаваньне будынку.

Летась Пішчалаўскаму замку, больш вядомаму як СІЗА-1 (турма «Валадарка»), дзе ўтрымліваюць многіх палітычных зьняволеных, споўнілася 200 гадоў. Толькі нядаўна замак перастаў выконваць ролю турмы. У канцэпцыі рэканструкцыі — уключэньне абноўленага будынку ў турыстычныя маршруты па цэнтры беларускай сталіцы.

Перш чым узгадніць архітэктурна-пляніровачную канцэпцыю, адмыслоўцы правялі шэраг комплексных навуковых дасьледаваньняў. Рэканструкцыю такіх значных для гораду аб’ектаў заўсёды курыруюць навуковыя кіраўнікі, піша агенцтва «Менск-навіны».

«Спачатку распрацоўваецца архітэктурна-рэстаўрацыйнае заданьне — асноўны дакумэнт, які вызначае патрабаваньні, мэты і віды работ у захаваньні аб’екту культурнай спадчыны. Ён складаецца на аснове шматлікіх дасьледаваньняў і ўстанаўлівае межы рэстаўрацыі, абмежаваньні і патрэбныя інжынэрныя рашэньні. Акрамя таго, гэта яшчэ і аснова для распрацоўкі навукова-праектнай дакумэнтацыі.

Калі гаворка ідзе пра будынкі, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасьць, строга прытрымліваемся мэтодык правядзеньня рэстаўрацыйных работ. У выпадку зь Пішчалаўскім замкам першапачаткова выканалі патрэбныя фізыка-хімічныя і іншыя абсьледаваньні пабудоў, ацанілі іх стан. Падкрэсьлю: усе аб’екты праходзяць праз дбайныя дасьледаваньні, дзе няма месца сьпешцы або выпадковым рашэньням. Адмыслоўцы кіруюцца прынцыпам „не нашкодзь“. Мы робім усё магчымае, каб максымальна зьберагчы ацалелае і аднавіць страчанае, выкарыстоўваючы даступныя матэрыялы і тэхналёгіі», — расказаў навуковы кіраўнік праекту Аляксандар Вашкевіч.

Будынак замку да рэканструкцыі
Будынак замку да рэканструкцыі

Пасьля рэканструкцыі на тэрыторыі замку па вуліцы Валадарскага пачне працаваць шматфункцыянальны комплекс. Згодна з зацьверджанай канцэпцыяй, захаваюць чатыры будынкі, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасьць. У іх ліку замак, уваходная група, аднапавярховы будынак і былая стайня.

Замкавыя сутарэньні
Замкавыя сутарэньні

Некаторыя пазьнейшыя пабудовы адміністрацыйна-гаспадарчага прызначэньня, якія ня несьлі каштоўнасьці, а таксама плот было вырашана зьнесьці, бо яны моцна састарэлі. Іх дэмантаж зробіць увесь участак прасторным. Узамен там зьявяцца пляцоўка для масавых мерапрыемстваў (гістарычных рэканструкцый, канцэртаў) з мабільнай сцэнай, утульная шпацырная зона і паркоўка.

У захаваных будынках будуць аб’екты грамадзкага харчаваньня і адміністрацыйныя памяшканьні.

Будынак пераважна служыў турмой, тут утрымлівалі сотні вядомых палітычных зьняволеных
Будынак пераважна служыў турмой, тут утрымлівалі сотні вядомых палітычных зьняволеных

Зьменіцца лінія забудовы ўздоўж вуліцы Валадарскага, дзе ёсьць некалькі двухпавярховых будынкаў. Раней некаторыя зь іх былі аднаўзроўневымі, таму ім маюць намер вярнуць першапачатковы гістарычны маштаб. Там будуць кавярні, інфармацыйна-турыстычны цэнтар, асобная грамадзкая прыбіральня.

Абнаўленьне замку

Праект прадугледжвае аднаўленьне сьцяны і адной з кутніх вежаў. Майстрам трэба будзе ўзнавіць гістарычныя габарыты і аўтэнтычны малюнак аконных і дзьвярных праёмаў. У час ІІ усясьветнай вайны некаторыя зь іх заклалі і прабілі новыя. Цяпер будынку вернуць яго першапачатковы выгляд. Унутры захаваюць старадаўнія скляпеньні, рэстаўрацыя чакае і цэнтральныя мэталічныя лесьвіцы.

Магчыма, гэтак будзе выглядаць замак пасьля рэканструкцыі
Магчыма, гэтак будзе выглядаць замак пасьля рэканструкцыі

Асаблівую ўвагу нададуць вітой лесьвіцы ў вежы, зь якой адкрываецца краявід на горад. Таксама ў плянах крыху зьмяніць плянаваньне. Дэмантаж савецкіх перагародак дазволіць пазбавіцца цесных памяшканьняў і вярнуць замку яго спрадвечную прастору, захаваўшы пры гэтым некранутымі сьцены XIX стагодзьдзя.

Па завяршэньні работ на цокальным і першым паверхах разьмесьцяцца кавярні. На другім і трэцім — адміністрацыйныя памяшканьні. Праўдападобна, там адкрыюцца выставачная галерэя, турыстычнае бюро.

За замкам разьмешчаны будынак былой стайні. Яго захаваюць і прыстасуюць пад яшчэ адну кавярню. Крыху далей ёсьць двухпавярховая пабудова, дзе ў агляднай будучыні абсталююць адміністрацыйныя памяшканьні і, магчыма, клюб гістарычнай рэканструкцыі.

Што ўжо зроблена?

«На аб’екце сіламі падраднай арганізацыі „Будтрэст № 1“ ужо выкананы першачарговыя супрацьаварыйныя работы ва ўзмацненьні канструкцый і прадухіленьні іх далейшага абвалу. Затым прыступілі да зносу будынкаў, якія ня маюць гістарычнай каштоўнасьці. Гэта позьнія пабудовы, якія дысануюць і перакручваюць першапачатковае аблічча ўсяго комплексу. Гэты этап цалкам завершаны», — расказаў дырэктар «Менскай спадчыны» Аляксандар Яцко.

Цяпер на аб’екце дэмантуюць старыя інжынэрныя сеткі, у якіх больш няма патрэбы.

Паводле Яцко, на этапе праектаваньня і ў працэсе выкананьня работ даводзіцца ўлічваць мноства акалічнасьцяў, хутка прымаць адпаведныя рашэньні, ставіць задачы праектнай арганізацыі.

«Праектаваньне практычна завершанае па двух з чатырох будынках, якія вырашана захаваць. У першым паўгодзьдзі 2026-га праектная дакумэнтацыя будзе гатовая ў поўным аб’ёме, што дазволіць у спрыяльны пэрыяд часу прыступіць да работ па замку, уваходнай групе і інжынэрных сетках».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG