Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Армэніі разышоўся з сваёй грамадзянскай жонкай, яна выяжджае з урадавай рэзыдэнцыі

Нікол Пашыньян і Анна Акап’ян. Архіўнае фота
Нікол Пашыньян і Анна Акап’ян. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і Анна Акап’ян паведамілі ў сацыяльных сетках аб завяршэньні свайго грамадзянскага шлюбу.

«Паведамляю ўсім сваім сябрам, знаёмым і незнаёмым, родным і нават самым блізкім людзям, што гэтая тэма ня ёсьць прадметам абмеркаваньня са мной. Я забараняю гэта. І вас, шаноўны народзе, заклікаю ня траціць надта шмат часу на абмеркаваньне гэтага пытаньня. Гэта будзе марным заняткам, бескарысным і бясплённым. Выслухалі, зафіксавалі і пайшлі далей», — заявіла Анна Акап’ян, пра што паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа».

«Яна была побач са мной ува ўсе мае цяжкія дні за апошнія 30 гадоў, была маёй апорай і падтрымкай. Ня ўпэўнены, ці быў я такім самым для яе. Мабыць, я прычыніў ёй значна больш горычы, за што прашу прабачэньня», — напісаў Нікол Пашыньян.

Некалькі дзён таму, паведаміла выданьне, Анна Акап’ян ужо паведамляла аб завяршэньні іх грамадзянскага шлюбу, аднак шмат хто ўспрыняў гэты допіс як намер пасьля працяглага супольнага жыцьця зарэгістраваць стасункі афіцыйна. У Акап’ян і Пашыньяна чацьвёра супольных дзяцей.

Аб сваім рашэньні Пашыньян і Акап’ян абвясьцілі за тры месяцы да парлямэнцкіх выбараў, на якіх цяперашні прэм’ер зноў плянуе балятавацца на пасаду.

Акап’ян адзначыла, што мае намер надалей узначальваць зьвязаны з кіроўнай сілай дабрачынны фонд «Мой крок». У той жа час яна прызнала, што можа трапіць пад крымінальны перасьлед, зважаючы на заявы галавы Камітэту перадухіленьня карупцыі аб парушэньнях забароны на дабрачыннасьць перад выбарамі.

Старшыня гэтага камітэту заяўляў, што вывучаецца рашэньне фонду «Мой крок» аб правядзеньні бясплатных курсаў ангельскай мовы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG