Беларусы выказвалі нязгоду з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі і выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі для ўварваньня расейскіх войскаў, а таксама пратэставалі супраць правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў такіх умовах.
Пратэсты ў Беларусі супраць шырокамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну, які пачаўся 24 лютага 2022 году, ўжо ў першыя дні вайны адбыліся па ўсёй краіне, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Праваабаронцы адзначалі, што пачынаючы з 24 лютага 2022 беларусы выходзілі з украінскімі сьцягамі, скандавалі «Не — вайне!», пазначалі сваю антываенную пазыцыю на бюлетэнях, прыносілі кветкі да амбасады Ўкраіны ў Менску.
Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага, калі праходзіў канстытуцыйны рэфэрэндум і грамадзяне скарысталі магчымасьць прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, у людныя месцы і да адміністрацыйных будынкаў. Тады за два дні ў Беларусі былі затрыманыя больш за 1100 чалавек, за кратамі апынуліся як мінімум 630.
Найбольшая хваля затрыманьняў адбылася 27 лютага, у асноўны дзень галасаваньня на рэфэрэндуме, адзначалі праваабаронцы «Вясны». Паводле зьвестак праваабаронцаў, удзельнікі рэфэрэндуму пакідалі антываенныя надпісы на бюлетэнях, а таксама зьбіраліся каля выбарчых участкаў, выказвалі пратэст супраць расейскай агрэсіі.
Менск
У сталіцы на антываенных акцыях пратэсту 27 і 28 лютага ў Менску было затрымана каля тысячы чалавек. Беларусаў, якія выйшлі на вуліцы, каб заявіць пра сваю нязгоду ў сувязі з вайной ва Украіне, білі пры затрыманьні, катавалі, трымалі ў ізалятарах у нечалавечых умовах. Некаторых не кармілі па некалькі дзён. Больш за 600 чалавек апынуліся за кратамі, і каб «разгрузіць» турмы на завулку Акрэсьціна, іх пераводзілі ў ізалятары Жодзіна і Магілёва. Для іх не прымалі перадачы і не перадавалі лекі. Праваабаронцы зафіксавалі выпадкі, калі судзьдзі прызначалі арышт, не зважаючы на сур’ёзныя хваробы затрыманых. Праваабаронцы атрымалі нямала зьвестак пра катаваньні і пабіцьцё ў Жодзіне і на Акрэсьціна. Людзей выводзілі ў душ, замыкалі іх і пускалі ў памяшканьне пярцовы газ. Але рознымі магчымымі спосабамі менчукі пратэставалі надалей, адзначалі праваабаронцы «Вясны».
Тады праваабаронцы апавядалі, за што менскія судзьдзі прызначалі пратэстоўцам адміністрацыйны арышт і велізарныя штрафы.
- Жыхарка Менску Жанна Трафімец 1 сакавіка выйшла на Кастрычніцкую плошчу ў Менску з адзіночным пікетам пратэсту супраць нападу Расеі на Ўкраіну. Яна трымала плякат «Остановите войну» і жоўта-блакітныя балёнікі. Жанчыну аштрафавалі на 95 базавых велічыняў (3040 рублёў).
- Разам з Жаннай затрымалі студэнта пятага курсу БНТУ Мікалая Антаневіча, які проста фатаграфаваў жанчыну. Маладога чалавека арыштавалі на 15 дзён.
- Другому хлопцу, які прайшоў па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці з антываенным плякатам, прызначылі 30 дзён арышту.
- У Катэдральным саборы на Нямізе 3 сакавіка сабраліся маці беларускіх салдатаў для супольнай малітвы аб спыненьні нападу Расеі на Ўкраіну. На выхадзе з сабору амапаўцы затрымалі журналістку Дзіяну Серадзюк і яе мужа Яўгена Батуру. Пазьней іх асудзілі на 15 дзён арышту.
- 27 лютага за гукавы сыгнал на праспэкце Незалежнасьці на менчука склалі пратакол. Суд прызначыў яму 160 рублёў штрафу, яго пазбавілі пасьведчаньня кіроўцы на 8 месяцаў.
- У пачатку сакавіка ў Заводскім раёне Менску затрымалі актывістку Галіну Лагацкую разам зь сяброўкай за тое, што яны разьвешвалі ўлёткі «Не — вайне». Суд арыштаваў вядомую актывістку на 15 дзён, а яе сяброўку — на 25 дзён.
- 10 сакавіка за надпіс на акне гаўбца «No war» (анг. «Не — вайне». — РС) затрымалі Дзьмітрыя Мацюшонка. Вынік — 13 дзён адміністрацыйнага арышту.
- Мастака Алеся Цыркунова затрымалі перад судовым працэсам у справе палітзьняволенага Алеся Пушкіна. Прычына затрыманьня — бел-чырвона-белая і жоўта-блакітная стужкі на кашулі. За гэта мастака пакаралі 15-дзённым арыштам.
- Менчука, які разьмясьціў на шыбе свайго аўтамабіля плякат «Нет войне», суд Ленінскага раёну Менску арыштаваў на 13 содняў.
Абласныя гарады і буйныя прамысловыя цэнтры
У Берасьці пратэстоўцаў пасьля антываенных акцыяў 27 і 28 лютага судзілі за заклікі і ўдзел у несанкцыянаваных пікетаваньнях супраць вайны.
Калі на выбарчым участку 27 лютага сабраліся каля 60 чалавек, да іх падышоў амапавец і запатрабаваў разысьціся. У адказ мужчына сказаў яму: «Я протестую против войны». Пасьля гэтага яго затрымалі. Яшчэ аднаго мужчыну ў пачатку сакавіка затрымалі пасьля таго, як ён прайшоў па мосьце з плякатам «Нет войне» і выгукаў лёзунгі. На судзе мужчына заявіў, што такім чынам выказваў сваё стаўленьне да падзеяў ва Ўкраіне. Вядома, што траіх берасьцейцаў адправілі ў ізалятар на 7, 10 і 14 содняў, а яшчэ дваіх пакаралі штрафамі ў памеры 50 і 70 базавых велічыняў (1600 і 2240 рублёў).
- Напярэдадні дня нараджэньня Тараса Шаўчэнкі каля помніка ўкраінскаму клясыку, які стаіць на аднайменным бульвары, меў адбыцца дазволены мітынг. Але ў прызначаны дзень міліцыя не пускала людзей да помніку, у выніку сілавікі затрымалі актывіста Алега Вялава. Суд прызначыў яму 15 дзён арышту.
- 27 лютага ў Віцебску падчас акцыі на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу «Тры штыкі» затрымалі траіх жыхароў гораду. Кацярыну Бекан — за ўскладаньне кветак у блакітна-жоўтых колерах, яшчэ аднаго мужчыну за блакітна-жоўтыя стужачкі, прычэпленыя разам зь бел-чырвона-белымі да адзеньня. У трэцяга затрыманага ў тэлефоне знайшлі паведамленьне, што ён ідзе на мітынг. Усе трое атрымалі адміністрацыйныя арышты.
- Яшчэ адну віцяблянку кінулі за краты на 15 содняў за надпіс «Нет войне» на мэдычнай масцы.
- Таксама праваабаронцам стала вядома, што ў першыя дні вайны група людзей зладзіла шэсьце па вуліцах Віцебску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі, на якіх быў напісаны антываенны лёзунг. За гэта адну з удзельніц шэсьця пакаралі 15 днямі арышту.
- 15 сакавіка на вуліцы гораду выйшаў з блакітна-жоўтымі і бел-чырвона-белымі стужкамі віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Калі яго затрымалі міліцыянты, актывіст адмовіўся здымаць стужкі.
«У гэты момант ва Ўкраіне пад абстрэламі гінуць дзеці, жанчыны, ідзе захопніцкая вайна, і таму нічога здымаць ня буду», — сказаў Барыс Хамайда і быў асуджаны за «несанкцыянаванае пікетаваньне».
Пасьля арышту ён расказаў, што сядзеў разам з тымі, хто таксама выказаўся супраць вайны ва Ўкраіне.
«Сядзелі там двое жыхароў Менску, якія прыехалі ў Полацак, каб паглядзець горад. А тут пачалася вайна, і яны выйшлі да гатэлю „Дзьвіна“ з плякатам „Не — вайне“, ім далі па 30 содняў. Сядзеў разам з расонскім хлопцам, яму, як і мне, прысудзілі 20 содняў — за тое, што напісаў зварот у райвыканкам супраць вайны. Яшчэ быў хлопец зь Віцебску, які напісаў антываенны верш і разьмясьціў у сацыяльных сетках. Яму прысудзілі 12, здаецца, содняў. З Наваполацку мужчыну асудзілі на 30 содняў за тое, што падчас рэферэндуму нібыта правёў пікет... Карацей, вельмі шмат цяпер неабыякавых людзей», — расказаў пасьля арышту Барыс Хамайда.
- У Наваполацку 27 лютага на выбарчых участках прайшлі масавыя затрыманьні. Агулам у мясцовы ГАУС даставілі каля 80 чалавек, паведамлялі праваабаронцы. Паводле іхных зьвестак, за «пікетаваньне» на выбарчых участках асудзілі больш за 20 чалавек, зь іх аднаго пакаралі 12 днямі арышту, яшчэ аднаго — 30 днямі, астатніх арыштавалі на 15 дзён.
Аднаго з затрыманых арыштавалі за паведамленьне ў чаце «Новополоцк и Полоцк 97%», у якім ён напісаў: «Выходим на площадь в 17.00». Яму прызначылі 15 содняў арышту.
- Сярод затрыманых 27 лютага апынулася і старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольга Брыцікава, якую абвінавацілі ў фатаграфаваньні бюлетэню і пакаралі 15 соднямі арышту. Але празь некалькі дзён над Вольгай правялі другі суд, які прызначыў актывістцы яшчэ 15 содняў за нашэньне на куртцы надпісаў «Не вайне», «Нет войне» і «No war». Трэці раз Вольгу судзілі за паперы з тымі ж надпісамі на вокнах яе кватэры. На судзе жанчына заявіла, што надпісамі на лістах яна выказала сваю думку наконт сытуацыі, якая склалася ва Ўкраіне, што гарантавана ёй Канстытуцыяй. Гэтак Вольга Брыцікава атрымала яшчэ 15 содняў арышту.
Раённыя цэнтры і мястэчкі
- У Шуміліне 27 лютага на выбарчым участку затрымалі Вольгу Цярэнцьеву за тое, што яна на сталах камісіі расклала восем лістоў з надпісам «Супраць вайны». У выніку жанчыну аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (640 рублёў).
- На галоўную плошчу Вушачы 27 лютага з плякатам «Не — вайне» выйшаў Аляксандар Чарткоў. Суд пастанавіў арыштаваць Аляксандра на 15 содняў, а плякат — зьнішчыць.
- 27 лютага каля Талачынскага райвыканкаму затрымалі мясцовую жыхарку Аляксандру Каралькову, якая пратэставала супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Жанчыну пакаралі штрафам у 70 базавых велічыняў (2240 рублёў).
- У Дубровенскім раёне, у мястэчку Баброве, з плякатам «Нет войны» выйшаў на пікет Аляксандар Бібчыкаў. Суд прызнаў мужчыну вінаватым і арыштаваў на 10 содняў.
- На другі дзень вайны ў мястэчку Дрыбіне Магілёўскай вобласьці да будынку мясцовага райвыканкаму выйшаў мясцовы жыхар, які пасьпеў прастаяць з плякатам «Нет войне» толькі 11 хвілін. На судзе затрыманы тлумачыў, што выказаў нязгоду з ваеннымі дзеяньнямі супраць Украіны, бо там у яго жывуць сваякі. Праваабаронцам вядома, што на пытаньне судзьдзі, ці браў ён дазвол на правядзеньне пікету, мужчына адказаў, што «на гэта няма часу, бо там гінуць людзі». Суд прызначыў затрыманаму 7 содняў арышту і пастанавіў зьнішчыць плякат.
- У вёсцы Дрыбінскага раёну актывіста руху «За свабоду» Андрэя Юркова арыштавалі за заклік да малітвы за ўкраінцаў. Вынік — 7 содняў арышту.
- За тры хвіліны з плякатам «Слава Ўкраіне» каля будынку гарадзкога цэнтру культуры ў Докшыцах пакаралі 13 соднямі арышту Тацьцяну Дорц. Вядома, што падчас пікетаваньня жанчына «гучна крычала „Слава Ўкраіне“».
- У Бярозе 27 лютага на цэнтральную плошчу з антываенным пікетам выйшлі Сьвятлана і Віктар Цагельнікі. З словаў Віктара, яны з жонкай у той дзень паглядзелі відэа пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне, абурыліся гэтым і пастанавілі выказаць сваю пазыцыю. Суд прызначыў Віктару і Сьвятлане штрафы ў 50 базавых велічыняў кожнаму.
- 27 лютага ў Кобрыні на мясцовага жыхара склалі пратакол за надпісы на бюлетэні, якія палічылі «экстрэмісцкімі». Пратэстоўца пакаралі штрафам у 15 базавых (480 рублёў). Таксама праваабаронцам вядома пра жанчыну, якую ў Кобрыні аштрафавалі на 30 базавых (960 рублёў) за пратэст каля мясцовага райвыканкаму.
- Сьлесара кобрынскага прадпрыемства арыштавалі на 8 содняў за тое, што адправіў у чат каналу «Брэст 97%» заклік выходзіць на акцыю пратэсту ў Кобрыні.
- 26 лютага ў лесе каля базы адпачынку «Чайка» непадалёк ад Жодзіна дзевяць чалавек сфатаграфаваліся з плякатамі «Русский солдат, бросай автомат» і «Я/Мы супраць вайны», а таксама трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі з «Пагоняй» і гербам Жодзіна. Удзельнікі акцыі выклалі ў адзін з тэлеграм-каналаў фатаздымкі акцыі, па якіх пазьней міліцыянты апазналі мінімум двух удзельнікаў пратэсту. Суд Жодзіна прызнаў іх вінаватымі ў «несанкцыянаваным пікетаваньні» і пакараў мужчыну 15-дзённым арыштам, а жанчыну вялікім штрафам.
- Суд Лідзкага раёну асудзіў жанчыну, якая выйшла на адзіночны пікет з плякатам супраць вайны, і аштрафаваў на 20 базавых (640 рублёў).
- У Ляхавічах міліцыянты «два крыжыкі і фігуру сэрца» на бюлетэні палічылі «экстрэмізмам». Каардынатарку штабу Ціханоўскай на выбарах-2020 Тамару Патоцкую асудзілі за тое, што 27 лютага з свайго тэлефону жанчына «ў мэтах перашкоды законнай дзейнасьці камісіі па рэфэрэндуме адправіла сапсаваны бюлетэнь для галасаваньня, у якім чырвоным чарнілам у графах „за“ і „супраць“ пастаўленыя два крыжыкі, а таксама на тэксьце бюлетэню намаляваная фігура ў выглядзе сэрца». Ляхавіцкі суд палічыў гэта «заклікам да экстрэмісцкай дзейнасьці», аштрафаваў Патоцкую на 480 рублёў і сканфіскаваў яе тэлефон.
Да пачатку 2023 году было зафіксавана больш за 1575 затрыманьняў за антываенную пазыцыю, падлічыла «Вясна».
Форум