Дакумэнт падтрымалі 437 дэпутатаў Эўрапарлямэнту, 82 прагаласавалі супраць і 70 устрымаліся.
У рэзалюцыі адзначаецца, што ніякія санкцыі не павінны скасоўвацца да моманту заключэньня і ўстойлівага выкананьня мірнага пагадненьня.
Эўрапарлямэнт заклікаў увесьці дадатковыя санкцыі, такія як усеабдымная забарона на імпарт з Расеі й Беларусі, у тым ліку на сыравіну, а таксама прывітаў цяперашнюю дыскусію паміж Эўразьвязам і G7 аб вывучэньні забароны морскіх перавозак для ўсяго экспарту расейскай нафты.
У рэзалюцыі адзначаецца, што Эўразьвяз і яго чальцы павінны нават без падтрымкі G7 забараніць гандлёвую і камэрцыйную дзейнасьць з Расеяй і Беларусьсю, з асаблівай увагай да ўсіх тавараў патэнцыйна падвойнага прызначэньня.
Апроч таго, эўрапейскія дэпутаты выказаліся за выкарыстаньне практыкі санкцыяў на ўсе дзяржавы, якія спрыяюць расейскай агрэсіі, у тым ліку на Беларусь, Іран і Паўночную Карэю, і ўводзіць санкцыі супраць кітайскіх суб’ектаў, якія пастаўляюць тавары падвойнага прызначэньня і вайсковыя вырабы, патрэбныя для вытворчасьці бесьпілётнікаў і ракет.
У дакумэнце таксама адзначаецца патрэба дадатковых абмежаваньняў супраць ценевага флёту Расеі, а таксама спыненьня супрацы з кампаніямі «Росатом» і «Роскосмос».
Эўрапарлямэнт таксама выказаўся за ўключэньне прыватнай расейскай вайсковай кампаніі «Вагнэр» і ўсіх яе правапераемнікаў у сьпіс тэрарыстычных арганізацыяў. Гэта дазволіць перасьледаваць вэрбавальнікаў, удзельнікаў і прыхільнікаў структуры, а таксама выкарыстоўваць супраць іх мэханізмы крымінальнага перасьледу.
Форум