Пра гэта паведаміла паліцыя Клайпедзкай акругі Літвы. Згодна з падазрэньнямі, кол-цэнтар стварылі з мэтай завалодваць сродкамі грамадзян Эўразьвязу. Сьледчыя выявілі пацярпелых грамадзян Латвіі й Літвы, якія страцілі больш як 160 тысяч эўра. Ня выключана, што ад ашуканскай «інвэстыцыйнай плятформы» маглі пацярпець і больш людзей, перадае агенцтва BNS.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў выявілі, што кол-цэнтр быў арганізаваны ў горадзе Дніпры і працаваў паводле добра арганізаванай схемы. Злачынная група прываблівала ахвяраў падманлівай ілюзіяй інвэставаньня ў крыптавалюту, абяцала велізарны прыбытак.
На наступным этапе злачынная група прасіла сродкі на юрыдычную дапамогу быццам бы для вяртаньня страчаных актываў. Мяркуецца, што супрацоўнікі кол-цэнтру атрымлівалі доступ да сродкаў ахвяраў, выкарыстоўваючы праграмы для дыстанцыйнага доступу, і пераводзілі грошы на банкаўскія рахункі і крыптавалютныя гаманцы злачыннай групы.
Пасьля таго як праваахоўныя органы Латвіі і Літвы атрымалі інфармацыю прынамсі аб дзевяці ахвярах такога махлярства, Эўраюст сфармаваў сумесную сьледчую групу, каб ведамствы Літвы, Латвіі і Ўкраіны маглі працаваць разам. Эўраюст таксама надаў фінансавую дапамогу праваахоўным органам Літвы і Латвіі для сумеснай працы дзеля ліквідацыі гэтай групы.
Расьсьледаваньне ў Літве праводзяць супрацоўнікі ўправы расьсьледаваньні злачынстваў супраць уласнасьці крымінальнай паліцыі Галоўнага камісарыяту паліцыі Клайпедзкай акругі.
17 лютага пры каардынацыі Эўраюсту праваахоўныя органы Літвы, Латвіі і Ўкраіны правялі адмысловую міжнародную апэрацыю ў горадзе Дніпры. Затрымалі 11 чалавек, правялі больш як 30 ператрусаў, сканфіскаваўшы кампутарнае абсталяваньне, электронныя носьбіты, дакумэнты, крыптавалютныя гаманцы, каля 400 тысяч эўра гатоўкай і восем аўтамабіляў. Праваахоўныя органы працягваюць расьсьледаваньне — аналізуюць электронныя доказы, выяўляюць магчымыя дадатковыя эпізоды злачынстваў.
Форум