Прадстаўнікі эўрапейскіх краін не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў трохбаковых перамовах ЗША, Украіны і Расеі. Апошні раўнд перамоваў праходзіў у Жэнэве 17-18 лютага, куды прыбылі дарадцы па бясьпецы лідэраў Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі і Швайцарыі. Яны, як паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, сустрэліся з украінскай і амэрыканскай дэлегацыямі.
У дакумэнце пад назвай «Асноўныя інтарэсы Эўропы ў забесьпячэньні ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру і бясьпекі кантынэнту» гаворыцца, у прыватнасьці, аб тым, што мір і бясьпека немагчымыя «без удзелу ЭЗ за сталом перагавораў і без уліку асноўных інтарэсаў ЭЗ».
У дакумэнце, як зазначаецца, прадстаўлены вельмі «максымалісцкі» погляд на тое, што павінна рабіць Расея. Пры гэтым адзін з дыпляматаў ЭЗ заявіў Радыё Свабода, што Эўразьвяз «адказвае на патрабаваньні расейскіх максымалістаў у дачыненьні да Ўкраіны».
Іншы эўрапейскі чыноўнік, знаёмы з дакумэнтам, лічыць, што дасягненьне міру — гэта ня толькі саступкі з боку Ўкраіны. «Мы таксама павінны абмеркаваць, што павінна зрабіць Расея, перш чым адпраўляць туды нейкага пасланца», — адзначыў ён. У Эўзразьвязе абмяркоўваецца магчымасьць стварыць пасаду пасланьніка ЭЗ, які будзе займацца выключна пытаньнямі Расеі.
У першым разьдзеле дакумэнту гаворыцца, што калі Ўкраіна абмяжуе колькасьць сваіх войскаў або нават выведзе іх зь некаторых раёнаў, то Расея павінна зрабіць тое ж самае. У ёй таксама зьмяшчаецца патрабаваньне аб выключэньні «дэ-юрэ» прызнаньня за Расеяй акупаваных украінскіх тэрыторый.
Другі разьдзел уключае патрабаваньне да Расеі спыніць кампаніі па дэзынфармацыі, кібэратакі, парушэньне паветранай прасторы і ўмяшаньне ў выбары на тэрыторыі Эўропы і ў суседніх краінах. Акрамя таго, у ёй гаворыцца пра выключэньне разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і «забарону на расейскую вайсковую прысутнасьць і разьмяшчэньне войскаў» у Беларусі, Украіне, Малдове, Грузіі і Армэніі.
Чакаецца, што прынамсі некаторыя часткі дакумэнту могуць быць вынесены на абмеркаваньне міністраў замежных спраў ЭЗ на сустрэчы ў Брусэлі 23 лютага.
Форум