Як стала вядома Свабодзе, інцыдэнт адбыўся 21 студзеня. У краме «Чырвоны маркет», што ў горадзе Сьмела Чаркаскай вобласьці, гучала музыка Цімы Беларускіх, які «падтрымлівае агрэсію Расеі».
На кіраўніцу крамы склалі акт аб адміністрацыйным парушэньні паводле факту парушэньня грамадзкага спакою і маралі падчас ваеннага становішча ў краіне.
Калі кіраўніца крамы ня сплаціць своечасова штраф, яго павялічаць удвая — да 102 грыўняў.
Ціма Беларускіх здабыў папулярнасьць у 2018 годзе зь песьняй «Мокрые кроссы», якая стала папулярнай у Расеі і Беларусі, за яе атрымаў шэраг расейскіх узнагародаў. Выдаў два альбомы, шэраг кліпаў.
У красавіку 2021 году за захоўваньне амфэтаміну і гашышу яго асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». Пасьля заканчэньня тэрміну ён аднавіў свае канцэрты ў Расеі.
У адрозьненьне ад многіх беларускіх і расейскіх артыстаў, Ціма Беларускіх публічна не выказваўся ў падтрымку агрэсіўных дзеяньняў Расеі і Беларусі. У 2024 годзе яго ўключалі ў сьпіс непажаданых артыстаў у Расеі, аднак мяркуюць, што гэта адбылося празь яго «наркатычную» справу ў Беларусі.
Форум