Пракуроры патрабавалі самага суровага прысуду, заклікаючы суд прыгаварыць яго да сьмяротнага пакараньня падчас слуханьняў у студзені.
Суд устанавіў, што Юн накіраваў войскі да будынка Нацыянальнага сходу ў спробе паралізаваць парлямэнт на «значны пэрыяд».
Юн рэзка абвясьціў ваеннае становішча ў тэлевізійным звароце ў сьнежні 2024 года, заявіўшы, што неабходныя рашучыя меры для выкараненьня «антыдзяржаўных сіл» у Нацыянальным сходзе Паўднёвай Карэі.
65-гадоваму палітыку пазьней абвясьцілі імпічмэнт, арыштавалі і абвінавацілі ў шэрагу злачынстваў, ад паўстаньня да перашкоджаньня правасудзьдзю.
У студзені суд у Сэуле прызнаў былога прэзыдэнта вінаватым у спробе перашкодзіць арышту і пакараў яго на пяць гадоў пазбаўленьня волі.
Былога прэзыдэнта прызналі вінаватым у тым, што той не дазволіў затрымаць сябе ў студзені 2025 году, склаў і пасьля рашэньня парлямэнту зьнішчыў перагледжаны ўказ аб увядзеньні ваеннага становішча, а таксама загадаў выдаліць запісы з тэлефонаў, якія выкарыстоўвалі вайскоўцы.
Агулам супраць Юн Сок Ёля завялі восем крымінальных спраў, зьвязаных з спробай увесьці ваеннае становішча, меркаваным удзеле ягонай жонкі ў хабарніцтве і гібельлю марскога пяхотніка ў 2023 годзе.
Юн Сок Ёль аб’явіў аб увядзеньні ваеннага становішча ў краіне «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі Паўночнай Карэі». Падпісаны ім указ забараняў працу партый, пратэсты, забастоўкі, уводзіў цэнзуру і вайскова-палявыя трыбуналы з правам на вынясеньне сьмяротнага прысуду. Аднак дзеяньне дакумэнту працягнулася ўсяго шэсьць гадзін — дэпутаты прагаласавалі за яго скасаваньне пакуль вайскоўцы штурмавалі будынак парлямэнту.
У сьнежні 2024 году парлямэнт прагаласаваў за адхіленьне Юн Сок Ёля з пасады. У студзені пасьля таго, як сьледчыя не змаглі арыштаваць яго, суд пастанавіў узяць палітыка пад варту. У лютым былы прэзыдэнт падаў апэляцыю ў Цэнтральны акруговы суд Сэулу, той стаў на ягоны бок і вызваліў з-пад варты ў пачатку сакавіка. Але ў ліпені Юн Сок Ёля зноў арыштавалі, бо сьледзтва палічыла, што ён можа зьнішчыць доказы.