Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў неэфэктыўнасць працы ўраду ва ўмовах замежных санкцыяў

Справаздача Савету міністраў Беларусі Лукашэнку. Менск, 17 лютага 2026 году
Справаздача Савету міністраў Беларусі Лукашэнку. Менск, 17 лютага 2026 году

Аляксандар Лукашэнка прыехаў на падвядзеньне вынікаў дзейнасьці Савету міністраў Беларусі ў 2025 годзе і заявіў, што Беларусь знаходзіцца пад моцным ціскам «і з усходу, і з захаду».

«Усе вы разумееце, я таксама, мы знаходзімся ў вельмі складанай, прынамсі, няпростай сытуацыі. І з усходу, і з захаду пад вельмі сур’ёзным прэсам. Я кажу пра эканоміку. Хоць і палітыка яна і ёсьць выяўленьнем эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як казалі клясыкі», — працытаваў Лукашэнку Telegram-канал ягонай прэсавай службы.

Ён назваў цяперашні час «амаль ваенным».

«Чаму? Эканоміка стала рэальным полем бою. Эканамічнымі інструмэнтамі дасягаюцца цэлі клясычнай вайны: забраць рэсурсы, выклікаць сацыяльныя пратэсты, прымусіць выконваць ня нашы правілы — жыць паводле іншых правілаў», — дадаў ён.

Сярод такіх эканамічных інструмэнтаў Лукашэнка назваў санкцыі, эмбарга на гандаль, тарыфныя войны, «валютныя атакі», барацьбу за тэхналёгіі і кантроль над ланцужкамі паставак.

«Беларусь на сабе цалкам адчула ўвесь гэты букет „цывілізаваных правілаў“. Разам з тым, як мы дамовіліся некалі, вонкавыя ўмовы вывучаем і разумеем, але працуем, нібыта абмежаваньняў і санкцыяў няма», — адзначыў Лукашэнка.

У той жа час, паводле яго, «урад недастаткова заглыбляецца ў галіновыя праблемы, часам там увогуле яго няма».

Аляксандар Лукашэнка адзначыў складаную сытуацыю ў перапрацоўчай прамысловасьці і сельскай гаспадарцы. «На ключавым расейскім рынку толькі Міністэрства прамысловасьці недабрала летась 1 мільярда даляраў. Усе ягоныя прадпрыемствы ў „чырвонай зоне“», — сказаў ён.

У сельскай гаспадарцы непрымальная сытуацыя склалася з паморкам жывёлы — летась загінула 145 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, а сельскагаспадарчыя прадпрыемствы маюць хранічную запазычанасьць.

«Ня першую пяцігодку ставім мэтай зрабіць аграрны сэктар фінансава ўстойлівым прыбытковым бізнэсам. Так, зарабляем някепска, але толькі дзяржаўная падтрымка на пакрыцьцё стратаў склала 2,1 мільярда рублёў, не кажучы ўжо пра льготныя пазыкі і субсыдыі зь бюджэту», — сказаў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG