Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 16 тысяч пацярпелых за зіму. Мінздароўя раіць, як засьцерагацца ў непагадзь

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З пачатку зімовага сэзону — з 26 лістапада 2025 году — у Беларусі зарэгістравалі 16 353 пацярпелых ад галалёдных і халадовых траўмаў. Пра гэта 16 лютага паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Паводле ведамства, найбольш людзей пацярпелі ў выніку падзеньняў — 15 177 чалавек, зь іх 3 045 — дзеці. Яшчэ 992 чалавекі (665 дзяцей) атрымалі траўмы падчас катаньня на цюбінгах, лядзянках, санках і іншых забавах. Толькі за мінулыя выходныя па мэдычную дапамогу з прычыны галалёдных траўмаў зьвярнуліся больш за 700 грамадзян.

У Міністэрстве адзначаюць, што пасьля непрацяглай адлігі зіма зноў узмацнілася, і на дарогах магчымыя ўчасткі галалёду, а пад сьнегам можа ўтварацца ледзяны настыл. Галалёдныя і халадовыя траўмы гэтай зімой фіксуюцца як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасьці.

Мэдыкі заклікаюць насіць абутак з нясьлізкай падэшвай, рухацца павольна і не трымаць рукі ў кішэнях, пазьбягаць нахіленых сьлізкіх паверхняў і быць уважлівымі ў змроку. У марознае надвор’е рэкамэндуюць апранацца шматслойна, каб зьменшыць рызыку пераахаладжэньня. Людзям сталага веку раяць карыстацца кіёчкам для ўстойлівасьці, жанчынам — адмовіцца ўзімку ад высокіх абцасаў, а бацькам — нагадваць дзецям пра правілы бясьпекі падчас катаньня з горак.

Калі траўмы пазьбегнуць не ўдалося, у ведамстве раяць зьвяртацца ў найбліжэйшы траўмапункт, а ў выпадку сур’ёзных пашкоджаньняў — выклікаць хуткую мэдычную дапамогу для шпіталізацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG