Палова саіскальнікаў, якім у 2025 годзе ў Беларусі была прысуджаная навуковая ступень, — жанчыны. Пра гэта 16 лютага паведаміла журналістам галоўная навуковая сакратарка Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі Вольга Дубаневіч.
Агенцтва «Минск-Новости» цытуе Вольгу Дубаневіч, якая сказала, што жанчыны летась актыўна ўдзельнічалі і ў працы саветаў па абароне дысэртацый — летась у іх працавалі 470 прадстаўніц, у тым ліку акадэмікі і чальцы-карэспандэнткі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прадстаўніца ВАК падкрэсьлівае сувязь з абвешчаным уладамі «годам жанчыны»:
«Паколькі 2026 год абвешчаны Годам жанчыны, важна падкрэсьліць іх унёсак у навуку і вынікі атэстацыі. Палова новых навуковых ступеняў у 2025 годзе была прысуджаная менавіта жанчынам», — адзначыла Дубаневіч.
Паводле ВАК, жанчыны займаюць значныя пазыцыі ў мэдыцыне, хіміі, пэдагогіцы, біялёгіі і эканоміцы. Сярод новых прафэсараў амаль палова — жанчыны, а сярод дацэнтаў яны складаюць большасьць, кажа Дубяневіч.
Штогод ВАК праводзіць конкурс на найлепшую дысэртацыю. У 2025 годзе з 21 кандыдата дзевяць былі жанчыны. Сярод адзначаных прац — дасьледаваньні ў галіне анкалёгіі, прамянёвай дыягностыкі, нэўралёгіі, філязофіі, геаграфічных навук і жывёлагадоўлі.
Дасьледчыца прапаганды, мэдыяэкспэртка, доктарка філялягічных навук Ірына Сідорская ня ставіць пад сумнеў агучаныя лічбы, але зьвяртае ўвагу на іншыя чыньнікі і кантэкст.
«У цэлым я гатовая паверыць у гэтую лічбу, хоць афіцыйная статыстыка, асабліва ў кантэксьце абвешчанага „Года жанчыны“, можа падавацца ў выгадным сьвятле. Тым ня менш сам факт выглядае даволі праўдападобным. Жанчыны ў Беларусі ў сярэднім больш адукаваныя. Калі браць усіх занятых у эканоміцы, то каля дзьвюх трацінаў жанчын маюць вышэйшую або сярэднюю спэцыяльную адукацыю, тады як сярод мужчын — прыкладна траціна. Адпаведна, жанчыны часьцей працягваюць навучаньне, ідуць у пасьлядыпломную адукацыю, пішуць і абараняюць дысэртацыі. Акрамя таго, жанчыны традыцыйна вылучаюцца працавітасьцю, цярплівасьцю і адказным стаўленьнем да працы. Таму нядзіўна, што менавіта яны складаюць значную частку тых, хто абараняе кандыдацкія дысэртацыі».
Сідорская зьвяртае ўвагу на галіны, дзе жанчыны абараняюцца найчасцей:
«На першым месцы — мэдыцына, а гэта найбольш фэмінізаваная сфэра ў Беларусі: каля 82% занятых у мэдыцыне — жанчыны. Зразумела, што і дысэртацый па мэдыцыне яны пішуць больш. Сярод лідэраў таксама пэдагогіка, хімія, біялёгія, эканоміка — галіны, дзе жанчыны ўвогуле складаюць значную частку работнікаў. Затое менш гаворыцца пра тыя сфэры, дзе традыцыйна дамінуюць мужчыны, — напрыклад, пра фізыка-матэматычныя дысцыпліны, філязофію ці паліталёгію. Таксама ў афіцыйных паведамленьнях акцэнт робіцца пераважна на кандыдацкіх ступенях, але амаль не агучваецца сытуацыя з доктарскімі. Раней доля жанчын сярод дактароў навук складала каля 18%, што сьведчыць пра істотную гендэрную няроўнасьць на вышэйшым узроўні акадэмічнай герархіі. Тое ж датычыць і ўдзелу жанчын у саветах па абароне дысэртацый: называецца агульная колькасьць, але не ўдакладняецца, які гэта адсотак ад агульнага складу і колькі жанчын займаюць кіраўнічыя пазыцыі. Без гэтых дадзеных складана ацаніць рэальную карціну».
Паводле экспэрткі, рост долі жанчын сярод тых, хто абараняецца, выглядае натуральным, з другога — гэта можа сьведчыць пра зьніжэньне прэстыжу навукова-дасьледчай сфэры:
«Існуе сацыяльная заканамернасьць: у тых галінах, дзе становіцца больш жанчын, часта назіраецца ніжэйшы ўзровень аплаты і менш прэстыжны статус. Калі навука робіцца менш прывабнай і менш аплатнай для мужчын, яны сыходзяць у іншыя сфэры, і тады доля жанчын там павялічваецца. Такім чынам, сама па сабе лічба пра „палову жанчын“ яшчэ не азначае гендэрнай роўнасьці. Яна патрабуе глыбейшага аналізу — як структуры навуковых галін, так і разьмеркаваньня ўлады, статусу і ўзнагароджаньня ўнутры навуковай сыстэмы».
Паводле ВАК, большасьць дысэртацый была падрыхтаваная ў арганізацыях Міністэрства адукацыі — 122 працы. Ва ўстановах Міністэрства аховы здароўя падрыхтавалі 52 дысэртацыі, у структурах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — 45. Як адзначыла Вольга Дубаневіч, прыкметнага «амаладжэньня» навукоўцаў у 2025 годзе не адбылося: сярэдні ўзрост кандыдатаў навук застаўся на ўзроўні 37 гадоў, а дактароў навук павялічыўся з 52 да 54 гадоў.
Форум