Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спадзяемся, што зможам гэта спыніць». У Будапэшце Рубіё згадаў вайну ва Ўкраіне. Орбан заявіў аб падтрымцы мірных намаганьняў ЗША

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё і прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан падчас сустрэчы ў Будапэшце 16 лютага.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё і прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан падчас сустрэчы ў Будапэшце 16 лютага.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што ЗША будуць працягваць рабіць усё магчымае, каб спыніць вайну ва Ўкраіне.

«ЗША пасадзілі бакі за стол перамоваў... Людзі крытыкуюць спробы прэзыдэнта Трампа. Міжнародная супольнасьць асуджае. Але мы стараемся працягваць адыгрываць сваю пазытыўную ролю. Мы спадзяемся, што вайна скончыцца — чым хутчэй, тым лепш», — сказаў ён на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам у Будапэшце.

Ён таксама сказаў, што гэтая вайна ніколі б не пачалася, калі б прэзыдэнтам ЗША быў Дональд Трамп.

«Мы працягваем рабіць усё магчымае, каб пакласьці гэтаму канец... Мы спадзяемся, што зможам гэта спыніць. Пабачым», — дадаў дзяржаўны сакратар ЗША.

Марка Рубіё падзякаваў Орбану за яго ролю ў мірным працэсе, а таксама адзначыў яго моцнае лідэрства. Рубіё сказаў, што сувязі ЗША з Вугоршчынай уваходзяць у «залатую эру».

«Прэзыдэнт Трамп глыбока адданы вашаму посьпеху, таму што ваш посьпех — гэта наш посьпех. Мы хочам, каб гэтая краіна квітнела. Гэта ў нашых нацыянальных інтарэсах, асабліва пакуль вы зьяўляецеся прэмʼер-міністрам і лідэрам гэтай краіны», — сказаў дзяржаўны сакратар ЗША.

Віктар Орбан заявіў, што яго краіна па-ранейшаму падтрымлівае мірныя намаганьні ЗША ва Ўкраіне, і што Будапэшт па-ранейшаму адкрыты для правядзеньня мірнага саміту.

Міністар замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта таксама абвясьціў пра «новы залаты век» у адносінах паміж Вугоршчынай і ЗША падчас візыту Рубіё.

  • Марка Рубіё наведвае Вугоршчыну 16 лютага. Напярэдадні ён зьдзейсьніў кароткі візыт у суседнюю Славаччыну, а таксама прыняў удзел у канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG