Выступаючы разам з прэм’ер-міністрам Славаччыны Робэртам Фіцам 15 лютага, Марка Рубіё запярэчыў асьцярогам, выкліканым нядаўнімі карэкцыямі колькасьці амэрыканскіх войскаў у Эўропе, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«Мы не выходзім з NATO. Мы не выходзім... Мы можам перамясьціць пару тысяч вайскоўцаў з адной краіны ў іншую, але так было заўсёды», — сказаў Рубіё, разьвейваючы здагадкі аб тым, ці ня сьведчыць перадысьлякацыя амэрыканскіх войскаў аб шырэйшым зруху ў амэрыканскай палітыцы.
Колькасьць амэрыканскіх войскаў у Эўропе звычайна вагаецца паміж 80 і 100 тысячамі ў залежнасьці ад апэрацыяў, трэнаваньняў і ратацыі. Увосень 2025 году ЗША абвясьцілі, што салдаты 101-й паветрана-дэсантнай дывізіі, большасьць якіх дысьлякаваліся ў Румыніі, будуць перадысьлякаваныя без замены.
Рубіё таксама пакрытыкаваў тое, што ён ахарактарызаваў як панікёрскую інтэрпрэтацыю закліку Вашынгтону павялічваць эўрапейскія выдаткі на абарону. «Кожны раз, калі мы гэта гаворым, людзі вар’яцеюць. Яны думаюць, што гэта азначае: вы зьбіраецеся пакінуць NATO, вы вы зьбіраецеся пакінуць сваіх хаўрусьнікаў», — сказаў Рубіё і дадаў:
«Рэч у тым, што чым мацнейшыя нашы хаўрусьнікі, тым мацнейшыя мы разам».
Рубіё падаў свой заклік да эўрапейскіх хаўрусьнікаў больш выдаткоўваць на абарону як прызнаньне таго, што NATO больш трывалае, калі яго эўрапейскія чальцы больш баяздольныя ў вайсковым пляне.
Рубіё выразна падкрэсьліў, што Вашынгтон ня хоча, каб Эўропа заставалася залежнай ад ЗША.
«Мы ня просім Эўропу быць васалам Злучаных Штатаў. Мы хочам быць вашым партнэрам», — сказаў ён.
Днём раней у Мюнхэне ён заявіў, што Эўропа павінна пераламаць тое, што ён назваў культурным і эканамічным заняпадам, і аднавіць кантроль над масавай міграцыяй, адначасова пацьвярджаючы трансатлянтычнае адзінства.
У Браціславе тон Рубіё быў больш дзелавы, чым павучальны. Ён апісаў Цэнтральную Эўропу як цэнтральны пункт глыбейшага ўзаемадзеяньня з ЗША, падкрэсьліўшы агульныя інтарэсы ў пытаньнях абароны і энэргетычнай супрацы. Ён таксама згладжваў рознагалосьсі, у тым ліку славацкую крытыку нядаўняй апэрацыі ЗША ў Вэнэсуэле, як непазьбежную рэч паміж сувэрэннымі дзяржавамі.
«Многім краінам не спадабалася тое, што мы зрабілі ў Вэнэсуэле. Гэта нармальна. Гэта было ў нашых нацыянальных інтарэсах. Я ўпэўнены, што аднойчы ён зробіць нешта, што нам не спадабаецца, і мы скажам: гэй, нам не спадабалася тое, што вы зрабілі. Ну і што? Гэта ня значыць, што мы ня будзем сябрамі», — сказаў Рубіё.
Візыт Рубіё ў Славаччыну доўжыўся некалькі гадзін, пасьля чаго ён адправіўся ў Будапэшт, дзе 16 лютага заплянаваная яго сустрэча з прэмʼер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам.