Іх правёў першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Лукашэвіч.
Сяргей Лукашэвіч 16 лютага сустрэўся з кіраўніцтвам Нацыянальнай карпарацыі разьвіцьця Афганістана, паведаміла агенцтва БЕЛТА.
Лукашэвіч вітаў прыезд у Менск дэлегацыі Нацыянальнай карпарацыі разьвіцьця Афганістана, якая зьяўляецца дзяржаўнай кампаніяй у галіне інфраструктуры і будаўніцтва. Бакі адзначылі «значныя пэрспэктывы для нарошчваньня паставак у Афганістан беларускай тэхнікі, сельскагаспадарчай і іншай прадукцыі, якая неабходна для рэалізацыі буйных праектаў у гэтай краіне», піша БЕЛТА.
Нацыянальная карпарацыя разьвіцьця Афганістана— гэта дзяржаўная структура, успадкаваная талібамі ад ранейшага ўраду, якая набыла высокую значнасьць пры ўрадзе «Талібану» (рух знаходзіцца пад санкцыямі ААН за тэрарыстычную дзейнасьць). Яна адыгрывае ключавую ролю ў плянах талібаў па забеспячэньні эканамічнай самадастатковасьці.
Намесьнік кіраўніка МЗС Лукашэвіч у студзені 2025 году ўжо сустракаўся ў Кабуле з прадстаўніком «Талібану».
Сяргей Лукашэвіч асабіста сустракаўся таксама з прадстаўнікамі ўладаў М’янмы, іншых краін Азіі, а таксама Афрыкі.