Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Лукашэвіч (у цэнтры)
З такой заявай выступіў першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Лукашэвіч.
4 лютага на сэсіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Лукашэвіч выступаў з справаздачай і адказваў на пытаньні.
Дэпутат Алег Гайдукевіч задаў пытаньне пра ўплыў на Беларусь заходніх эканамічных санкцыяў, у прыватнасьці таго, што банкі краін Паўночна-Ўсходняй Азіі «баяліся правядзеньня трансакцыяў зь Беларусьсю і Расеяй».
«Гэта ўскладняла працу. З другога боку, былі прапанаваныя альтэрнатыўныя маршруты. Як вы ацэньваеце сёньня праблемы з узаемнымі разьлікамі ў банкаўскай сыстэме, узаемных паставак у гэтыя краіны?» — спытаў Гайдукевіч.
Сяргей Лукашэвіч прызнаў праблему:
«Пачынаючы з пэўнага пэрыяду, узьніклі праблемы з праходжаньнем платаў. Банкаўскія сыстэмы ў многіх краінах не належаць гэтым краінам, гэта транснацыянальныя банкаўскія сыстэмы, завязаныя на глябальных гульцоў, і ў іх была рэфлексія на пэўныя ўказаньні глябальных гульцоў. Была, калі адмаўлялі ў праходжаньні платаў або затрымка платаў была працяглай».
Цяпер жа беларуская прадпрыемствы, паводле Лукашэвіча, такіх праблемаў ня маюць.
«Сёньня мы ў 2026 годзе. Сказаць, што мы ўсіх пераканалі ў сваёй рацыі, было б, вядома, вельмі аптымістычна. Але мы з вамі пайшлі, краіна пайшла, кіраўнікі нашых дэлегацыяў — мы пайшлі і перакананьнем, і пошукам альтэрнатыўных шляхоў праходжаньня гэтых платаў.
Сёньня я б хацеў сказаць, што ніякіх праблем не існуе. Але больш збалянсавана будзе сказаць, што цяперашнія складанасьці вырашальныя, можа быць, непублічна, нетрадыцыйна, ня так, як мы прызвычаіліся гадоў 20 таму. Але яны вырашальныя. Гэта добры маркер адаптацыі эканомікі да тых умоваў, якія ёсьць. Мы становімся мацнейшымі, выклікі спрыяюць сьпеласьці нашай эканомікі і банкаўскай сыстэмы», — заявіў Лукашэвіч.
Сяргей Лукашэвіч асабіста сустракаўся з прадстаўнікамі ўладаў Індыі, Інданэзіі, Афганістану, М’янмы, іншых краін Азіі, а таксама Афрыкі.
Санкцыі супраць шэрагу беларускіх банкаў Эўразьвяз, ЗША і іншыя краіны Захаду ўвялі за падтрымку беларускімі ўладамі ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Форум