Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўная рада Даніі распрацоўвае праграму, якая дапаможа абараніць дацкую мову ад засільля англіцызмаў

Сьцяг Даніі
Сьцяг Даніі

Палітычная большасьць можа даць Дацкай моўнай радзе паўнамоцтвы ўмяшацца ў барацьбу з выкарыстаньнем запазычаных ангельскіх слоў. Гэта адбываецца на тле значнага пагаршэньня дачыненьняў паміж Даніяй і Злучанымі Штатамі пасьля спрэчкі вакол амэрыканскага жаданьня далучыць Грэнляндыю.

Дацкая моўная рада ўжо рыхтуе новую кампанію, каб актыўна прыцягнуць увагу датчан да выкарыстаньня слоў з роднай мовы замест ангельскіх. Вялікая і, бадай, адзіная праблема да апошняга часу была ў тым, што задачай рады, згодна з законам, было толькі «сачыць за разьвіцьцём дацкай мовы», піша газэта Kristeligt Dagblad.

Аднак цяпер у Даніі зьмяніліся палітычныя абставіны. Палітычная большасьць у Фолькетынгу (парлямэнце Даніі), якая складалася з урадавых Сацыялістычнай партыі і Кансэрватараў, абвясьціла аб дасягнутай дамоўленасьці аб тым, што Дацкая моўная рада ў будучыні будзе «граць больш абарончую ролю для мовы» і што рада будзе дзейнічаць актыўна і прасоўваць сваю дзейнасьць.

«Мы не глухія да гукаў. Мы ведалі, што набліжаюцца палітычныя зьмены, і хацелі б зрабіць больш, каб у нас былі добрыя дацкія альтэрнатывы ўсім ангельскім запазычаным словам. Таму мы спадзяемся падрыхтаваць новую кампанію пад назвай „Ці можам мы размаўляць па-дацку?“ да 1 сакавіка», — кажа Томас Гэстбэк Андэрсэн, дырэктар рады і мовазнаўца.

Плян складаецца з таго, каб пачаць з уцягваньня датчан у дыскусію аб тым, якія ангельскія запазычаныя словы іх найбольш раздражняюць і ўвогуле лішнія ў роднай мове. Пасьля гэтага кожны зможа зрабіць свой унёсак у спрэчку пра тое, якія дацкія словы лепш выкарыстоўваць замест іх. Дацкая моўная рада затым вызначыць, якое дацкае слова лепшае.

«Некаторым словам будзе лёгка знайсьці замену. Напрыклад, мой сын цяпер гаворыць слова random (выпадковы). У гэтым выпадку даволі лёгка прапанаваць сказаць tilfældigt (тое самае па-дацку). Але ў іншых выпадках можа паўстаць вялікая дыскусія пра тое, якое слова на роднай мове гучыць лепш. Тут мы хацелі б сабраць, напрыклад, сем прапаноў, а потым выкарыстаць сваю прафэсійную веду, каб вырашыць, якое зь сямі слоў-заменьнікаў параіць», — гаворыць дырэктар.

З моманту стварэньня Дацкай моўнай рады ў 1955 годзе ёй было даручана толькі вызначаць правапіс, а ў астатнім проста «сачыць за мовай». Гэта адрозьніваецца ад большасьці іншых краін, напрыклад, Нарвэгіі, дзе закон аб мове дае Моўнай радзе паўнамоцтвы як «прасоўваць, так і даваць дазвол», як ён гэта называе.

«Палітычнае стаўленьне да гэтага пытаньня ў Даніі было іншым, але калі мінулай вясной у Фолькетынгу адбыліся дэбаты ў пытаньні магчымага прыняцьця новага моўнага закону, стала зразумела, што ў Даніі дзьмуць новыя вятры», — кажа Томас Гэстбэк Андэрсэн.

Дацкая народная партыя і кансэрватары паказалі яскравае жаданьне прынцяь новы закон пра родную мову, каб яе бараніць. Міністар культуры краіны Якаб Энгель-Шмід заявіў, што дзейнасьць Рады павінна трымаць грамадзтва Даніі ў курсе падзей, ад адукацыйнай галіны да ўладаў. На ягоную думку, Рада можа прыпыніць засільля ангельскіх словаў і іншых замежных выразаў у штодзённым карыстаньні народу.

Прапанова таксама ўключае больш жорсткія абавязаньні наконт грамадзкіх паслугаў для DR і TV 2 адносна тэлевізіі на дацкай мове і стварэньне новай прафэсійнай рады абароны дацкай мовы ў СМІ.

Таксама ў артыкуле гаворыцца, што цягам многіх гадоў дацкія лінгвісты масава прытрымліваліся меркаваньня, што спробы запаволіць прыток ангельскіх слоў беспэрспэктыўныя. Гэта адчула на сабе мовазнаўца Кірстэн Раск, якая ў 2000 годзе надрукавала слоўнік чыстай дацкай мовы з прапановамі дацкіх слоў-заменьнікаў.

«Тады мяне называлі рэакцыянэркай, і ў мяне быў калега ва ўнівэрсытэце Капэнгагену, які перастаў са мной вітацца. Але цяпер часы зьмяніліся», — кажа Кірстэн Раск, якая ў канцы гэтага году апублікуе новае выданьне свайго слоўніка, які ачышчае родную мову ад празьмерных і часта зусім непатрэбных запазычаньняў.

Доктар філязофіі Капэнгагенскага ўнівэрсытэту і дасьледнік уплыву ангельскай мовы на дацкую Генрык Готліб сумняваецца, што нават пры вялікай суме грошай на абарону мовы кагосьці пачнуць штрафаваць за выкарыстаньне англіцызмаў. Ён мяркуе, што такое змаганьне за ачышчэньне сваёй мовы зможа існаваць толькі ў асобных супольнасьцях, але агулам у грамадзтве такі пурызм не прынясе посьпеху.

Готліб мяркуе, што трэба знайсьці добрую размоўную альтэрнатыву ў дацкай мове, і зрабіць гэта хутка, перш чым ангельскае слова прыжывецца.

«Запазычаныя словы ніколі не зьяўляліся ў дацкай мове без прычыны. Гэта можа быць зьвязана з прэстыжам, але таксама з жаданьнем выказаць нешта, што ня цалкам ахоплена дацкай мовай», — кажа Генрык Готліб.

Задуманы закон аб дацкай мове павінен быць пашыраны такім чынам, каб Рада зьвязвалася з ключавымі карыстальнікамі мовы, установамі і органамі ўлады, каб раіць, накіроўваць і натхняць на слушнае выкарыстаньне дацкай мовы і абмежаваць непатрэбнае выкарыстаньне ангельскай мовы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG