«Перад намі стаяла некалі пытаньне аб уласнай вытворчасьці патронаў. Мы гэтае пытаньне вырашылі. Гранатамёты будуць мець сваё месца ўва ўсякім баі, асабліва ў нас, у сувязі з тымі ўмовамі, якія ў нас ёсьць, — прыроднымі ўмовамі. Таму боепрыпасы для гранатамётаў павінны быць свае. І трэба разумець, што ўсе боепрыпасы могуць добра захоўвацца. І мы ў дастатковай колькасьці можам іх вырабляць і пакласьці на склад», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Як вынікае з публікацыі агенцтва, раней ён ужо рабіў адпаведнае даручэньне арганізаваць вытворчасьць боепрыпасаў для артылерыйскай зброі і ўстановак «Град».
«Ухвалена рашэньне аб будаўніцтве ў нас адпаведных вытворчасьцяў, якія маглі б вырабіць дастатковую колькасьць боепрыпасаў. Ніякага сакрэту тут няма. Я гэта не прыхоўваю. Вы бачыце, што робіцца ў Заходняй Эўропе — найбольшыя кампаніі Эўропы ва ўсё большай колькасьці вырабляюць боепрыпасы», — сказаў ён.
«Налета, нават да канца гэтага году, мы павінны мець свае боепрыпасы. Як арганізаваная вытворчасьць у сувязі з маім даручэньнем? І хачу папярэдзіць усіх — барані вас, Божа, сарваць гэтае мерапрыемства ў тэрмінах», — заявіў ён.
10 лютага Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду аб аснашчэньні Ўзброеных сілаў і разьвіцьці вайскова-прамысловага комплексу. Сярод яе ўдзельнікаў — прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын, кіраўнік адміністрацыі Дзьмітры Круты, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, віцэ-прэм’еры Віктар Каранкевіч і Анатоль Сівак, міністар абароны Віктар Хрэнін, міністар фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч і старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Дзьмітры Пантус.
Форум