Як паведаміў «Позірк», у якасьці станоўчага прыкладу ў часе інтэрвію праграме «Арсэнал» дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» Андрэй Федзін назваў удасканаленьне сродкаў рухомасьці да рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Ураган», на якія ставяцца рухавікі вытворчасьці Менскага маторнага завода.
Летась, паводле яго, асвоілі рамонт 82-мілімэтровага мінамёту 2Б24, транспартна-зараджальных машын комплексаў «Тор», «Палянэз» і «Іскандэр».
Андрэй Федзін заявіў, што Расея зьяўляецца галоўным партнэрам у абнаўленьні ўзбраеньня беларускага войска.
«За рахунак паставак з Расейскай Фэдэрацыі нам удалося істотна нарасьціць баявы патэнцыял Узброеных сіл. У прыватнасьці, толькі летась ажыцьцяўляліся пастаўкі самалётаў Су-30СМ, верталётаў Мі-35М, транспарцёраў БТ-82А, цэлай лінейкі сучасных радыёкомплексаў, якія вырабляюць прадпрыемствы Расеі», — заявіў ён.
Намесьнік міністра абароны Беларусі паведаміў таксама аб беларускіх распрацоўках сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, «у тым ліку тактычнай, так званай акопнай РЭБ для барацьбы з бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі, а таксама ўсе распрацоўкі ў галіне вытворчасьці БПЛА, як выведных, так і ўдарных».
«Яны паступаюць ужо ва Ўзброеныя сілы. Акрамя таго, мы традыцыйна закупляем на прадпрыемствах абароннага сэктара эканомікі сродкі РЭБ», — дадаў Федзін.
У 2025 годзе Ўзброеныя сілы атрымалі 5,2 тысячы адзінак новых узораў узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі і дапаможнага абсталяваньня, а таксама 75 тысяч адзінак боепрыпасаў. Такія зьвесткі абнародавалі 6 лютага на калегіі Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі.
На ўзбраеньне ў войска, у прыватнасьці, прынялі комплекс падаўленьня навігацыйных прыймачоў спадарожнікавых навігацыйных сыстэм «Навес-М», комплекс радыёманіторынгу і радыёпадаўленьня УКХ сувязі Р-936 «Аэра», комплекс сродкаў кіраваньня рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню «Вулкан», бронетранспарцёр МЗКЦ 6200 БМ 9А33 МБ са складу ЗРК «АСА-АКМ», радыёлякацыйная сыстэма колавага агляду 9С150 МБ, некіраваны рэактыўны снарад 9М22Ж РСЗА «Град».
Форум