Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расьсьледуюць справу супраць экс-дэпутата, які ўдзельнічаў у прапагандысцкай праграме СТВ

Алег Валошын. Архіўнае фота
Алег Валошын. Архіўнае фота

Ва Ўкраіне суд дазволіў завочнае дасудовае расьсьледаваньне крымінальнай справы, якую завялі на цяпер ужо колішняга дэпутата Вярхоўнай Рады Алега Валошына, які за тыдзень да пачатку расейскага ўварваньня ў 2022 годзе выехаў у Беларусь.

Як вынікае з матэрыялаў, якія мае ў сваім распараджэньні Свабода, справу завялі ў канцы студзеня 2022 году, спачатку яму інкрымінавалі дзяржаўную здраду (паводле ч.2 артыкулу 111, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў з або без канфіскацыі), а ў сьнежні 2025 году — непадачу дэклярацыі асобай, якая выконвае функцыі дзяржавы або мясцовага самакіраваньня (артыкул 366-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны прадугледжваецца пакараньне вялікім штрафам, абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў або зьняволеньнем на 1 год з забаронай займаць пасады).

Сярод шэрагу доказаў — некалькі відэазапісаў праекту, які да канца чэрвеня 2025 году выходзіў на беларускім дзяржаўным тэлеканале СТВ «САСС уполномочен заявить» (яе вяла жонка Алега Валошына Надзея Сас).

У прыватнасьці, аналізаваліся праграмы, што выходзілі ў эфір зь сьнежня 2022 году да лютага 2023 году. Згодна з экспэртызай, у прамовах і выступах Алега Валошына ёсьць «выказваньні прапагандысцкага характару, якія адлюстроўваюць ягоную падтрымку рашэньняў і дзеяньняў вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі ў кантэксьце ўзброенай агрэсіі супраць Украіны, фарміруюць ва ўкраінскім грамадзтве антыўладныя настроі і маюць прыкметы інфармацыйна-псыхалягічнага ўплыву, накіраванага на шкоду сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, абароназдольнасьці, дзяржаўнай і інфармацыйнай бясьпецы Ўкраіны».

Згодна зь інфармацыяй сьледзтва, Валошын выехаў у Беларусь 13 лютага 2022 году, а 21-24 лютага таго ж году, калі ўхвальвалася рашэньне аб уварваньні ва Ўкраіну, знаходзіўся ў Расеі.

Алег Валошын у часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча быў прэсавым сакратаром Міністэрства замежных спраў Украіны. Пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне ачольваў міжнародны аддзел на тэлеканале «112-Украіна». Ягоная жонка Надзея Сас таксама працавала на гэтым і іншых тэлеканалах, якія зьвязвалі зь Віктарам Медзьвядчуком, кумам Уладзіміра Пуціна.

Як дзяржаўная прапаганда Беларусі дапамагае Ўкраіне ў зборы доказаў супраць здраднікаў

Справа экс-дэпутата Яўгена Шаўчэнкі

Яўгена Шаўчэнку абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе і аб махлярстве ў вялікіх памерах (зьвязаная з пастаўкамі беларускіх мінэральных угнаеньняў. — РС).

У матэрыялах справы як доказ фігуруе фільм «Беларусь вачамі Яўгена Шаўчэнкі», які 15 студзеня 2022 году паказалі па беларускім тэлеканале АНТ. У ім, паводле сьледчых, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны распаўсюдзіў інфармацыю, «накіраваную на дыскрэдытацыю ўсталяванага ва Ўкраіне палітычнага і эканамічнага ладу» і сьцьвярджэньне ў масавай сьвядомасьці думкі аб адсутнасьці ваеннай пагрозы для Ўкраіны з боку Беларусі.

Пры гэтым, паводле сьледзтва, Яўген Шаўчэнка спрабаваў пераканаць украінцаў, што рашэньні ўкраінскай улады «папярэдзіць такія пагрозы» накіраваныя на тое, каб узмацніць недавер паміж украінцамі і беларусамі і выклікаць абурэньне. Дэпутат таксама называў адпаведныя дзеяньні ўлады Ўкраіны «няслушнымі, неабгрунтаванымі і эканамічна стратнымі» і выступаў за неабходнасьць «аднаўленьня дружбы ўкраінскага і беларускага братэрскіх народаў». Імаверна, маюцца на ўвазе ўведзеныя Ўкраінай палітычныя і эканамічныя абмежаваньні на палітычныя кантакты зь Беларусьсю пасьля выбараў 2020 году і прымусовай пасадкі самалёта Ryanair.

Справа Ўладзіміра Шарамета-Паньчака

Уладзіміру Шарамеце-Паньчаку выставілі падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе (ч.2 артыкул 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны) і апраўданьні ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны (ч. 2 артыкулу 436-2).

Ён удзельнічаў у відэапраектах дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, у якіх ён пашыраў антызаходнія і антыўкраінскія выказваньні. Пры гэтым дзяржаўнае агенцтва БелТА называла яго прадпрымальнікам, які больш за 20 гадоў жыў у Лёндане (Вялікая Брытанія).

Згодна зь інфармацыяй украінскіх сьледчых, ён зьехаў з Украіны ў Польшчу ў 2022 годзе, адразу пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны, а потым пераехаў у Менск. Там з красавіка да жніўня 2024 году ён прымаў удзел у запісах для Youtube-каналу БелТА. Яго прадстаўлялі Ўладзімірам Паньчаком. У матэрыялах справы месьцяцца стэнаграмы гэтых запісаў.

Справа «памочніка» ўхілістам ад мабілізацыі

Супраць ураджэнца Жытомірскай вобласьці, які дапамагаў украінцам уцякаюць ад вайсковай мабілізацыі ў Беларусь, Малдову і эўрапейскія краіны, завялі крымінальную справу паводле ч. 1 артыкулу 114-1 і ч. 2 артыкулу ст. 332 Крымінальнага кодэксу Украіны (перашкода законнай дзейнасьці Ўзброеных сіл Украіны ў асаблівы пэрыяд і незаконнае перапраўленьне асобаў празь мяжу).

Яго затрымалі пасьля інтэрвію беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай для праграмы «Як уцячы з Украіны праз заходнюю мяжу. Дапаможнік для ўхілістаў», у якім пахваліўся сваёй дзейнасьцю, расказаў пра свае погляды на мабілізацыю і разьвіцьцё Ўкраіны.

У матэрыялах справы ёсьць ліставаньне затрыманага зь Лебедзевай. Вядома, што яна абмяркоўвала зь ім перасячэньне грамадзянамі Ўкраіны дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю грамадзянамі Ўкраіны па-за пунктамі пропуску, а таксама і будучыя ўцёкі затрыманага. У сваім інтэрвію ён таксама асудзіў мабілізацыю ва Ўкраіне.

Затрыманы ўкраінец таксама расказаў Лебедзевай, чаму некаторыя ўхілісты часта выбіраюць Беларусь для ўцёкаў. Пералічаныя ім прычыны цалкам адпавядаюць прапагандысцкім лёзунгам, якія цяпер выкарыстоўваюць у Расеі і Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG