«Двое нападнікаў спачатку застрэлілі ахоўнікаў мячэці. Некаторыя вернікі спрабавалі іх спыніць, але як толькі тэрарысты дабраліся да брамы, адзін зь іх падарваў свой пояс з выбухоўкай», — паведаміў відавочца Аун Шаг пуштамоўнай службе Радыё «Машааль» (RFE/RL), якая вяшчае для жыхароў памежных раёнаў Пакістана і Афганістана.
Пазьней частка вернікаў выйшла на пратэст пад сьцены мячэці. Людзі абураліся няздатнасьцю ўраду супрацьстаяць тэрарызму.
«Ахова мусіла быць тут да пачатку набажэнства, — заявіў адзін зь вернікаў. — Але падчас малітвы тут нікога не было».
Адказнасьць за напад узяла на сябе «Ісламская дзяржава».
Напады ў Ісламабадзе, які добра ахоўваецца, адбываюцца рэдка. Тым часам у правінцыях на захадзе Пакістана пастаянна адбываюцца сутыкненьні сілавікоў з ісламісцкімі і нацыяналістычнымі групоўкамі.
На мінулым тыдні ў рэгіёне Белуджыстан, які займае амаль палову тэрыторыі Пакістана, адбылася сэрыя нападаў, якія ўлады назвалі найбуйнейшым за 20 гадоў тэрактам.
31 студзеня сэпаратысцкая «Армія вызваленьня Белуджыстана» ўчыніла дзясяткі адначасовых атак на паліцэйскія і вайсковыя аб’екты, банкі і турмы ў гарадах і мястэчках усяе правінцыі. Дзе-нідзе напады працягваліся некалькі дзён.
Паводле ўладаў, загінулі як мінімум 30 мірных жыхароў і 18 салдат, а таксама 170 нападнікаў. Паўстанцы ж заявілі пра забойства больш як 200 супрацоўнікаў урадавых службаў бясьпекі і гібель 34 байцоў.
4 лютага сілы бясьпекі Пакістана пасьля трох дзён баёў адбілі ў баевікоў Нушкі — горад з насельніцтвам каля 50 тысяч чалавек.
У Пакістане жыве 240 мільёнаў чалавек, большасьць зь якіх — суніты. Шыіты складаюць каля 15% насельніцтва і цярпяць ад нападаў суніцкіх радыкалаў. З 1980-х гадоў ад міжканфэсійнага гвалту загінулі тысячы людзей.
Белуджыстан, які мяжуе з Аўганістанам і Іранам, зьяўляецца самай буйной, але пры гэтым самай беднай правінцыяй Пакістана. «Армія вызваленьня Белуджыстана» вядзе барацьбу за незалежнасьць рэгіёну. Групоўка прызнана тэрарыстычнай у шэрагу краін, уключаючы ЗША, Вялікабрытанію і дзяржавы ЭЗ.
Форум